У Польшчы распусьцілі камісію, якая сьцьвярджала, што самалёт Леха Качыньскага ў 2010 годзе разьбіўся ў РФ ад выбухаў

Месца катастрофы самалёта прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, 13 красавіка 2010

Міністэрства абароны Польшчы абвясьціла, што распускае камісію для расьсьледаваньня аварыі самалёта Ту-154 пад Смаленскам, у выніку якой загінуў прэзыдэнт краіны Лех Качыньскі і яшчэ некалькі дзясяткаў польскіх урадоўцаў і палітыкаў.

Намесьнік міністра абароны Цэзары Томчык заявіў, што рашэньне распусьціць камісію «спыніць выдаткоўваньне сотняў мільёнаў злотых на захады, якія ня маюць нічога супольнага з тлумачэньнем прычынаў катастрофы, але маюць шмат агульнага з палітыкай».

Паводле яго, абавязковым для выкананьня дакумэнтам для Польшчы робіцца выснова першай камісіі для расьсьледаваньня прычынаў катастрофы. Ведамства таксама створыць адмысловую групу для аналізу «усіх аспэктаў дзейнасьці зьліквідаванай камісіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал у Польшчы: Улады схавалі доказы, якія супярэчаць тэорыі пра замах на прэзыдэнцкі самалёт

Самалёт, на борце якога былі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі й іншыя польскія чыноўнікі і палітыкі, разьбіўся 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам. Усе 96 чалавек, якія былі на борце, загінулі. У 2011 годзе камісія для расьсьледаваньня авіякатастрофаў МУС Польшчы падала справаздачу, дзе гаварылася, што самалёт апусьціўся ніжэй за дазволеную мінімальную вышыню і ўрэзаўся ў дрэва ва ўмовах дрэннай бачнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: • Дэпутат Сэйму Мацярэвіч: самалёт Качыньскага ўзарваўся яшчэ ў паветры, туман і бяроза тут ні пры чым

Аднак у 2018 годзе міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч абвясьціў, што камісія прыняла рашэньне ануляваць першую справаздачу аб прычынах трагедыі. Прадстаўнікі камісіі сьцьвярджалі, што знайшлі на крыле самалёта сьляды выбуху, а сам Мацярэвіч казаў, што прычынай крушэньня мог стаць тэрарыстычны акт.

У красавіку 2022 году камісія падала справаздачу, у якой гаварылася, што прычынай катастрофы сталі выбухі ў левым крыле і ў сярэдзіне самалёта.