Суд у Горадні зьліквідаваў яшчэ адно аб’яднаньне літоўцаў — клюб «Гярвечай»

Шыльда на Горадзенскім абласным судзе

Раней улады зьліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне літоўцаў «Гімціне».

Горадзенскі абласны суд зьліквідаваў міжнародную грамадзкую арганізацыю «Клуб „Гярвечай“». Інфармацыя пра гэта зьявілася ў банку судовых рашэньняў, піша Hrodna.life.

Прычынай для ліквідацыі паслужыла тое, што абʼяднаньне на працягу трох гадоў нібыта своечасова не падавала інфармацыю аб сябрах арганізацыі, яе дзейнасьці і імпрэзах.

Абʼяднаньне зарэгістравалі ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну ў 1994 годзе. Яно ладзіла імпрэзы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, удзельнічала ў выданьні кніг. У арганізацыі былі 394 сябры, яе мэтамі ўдзельнікі вызначылі супрацоўніцтва і ўмацаваньне даверу і ўзаемаразуменьня паміж народамі Беларусі і Літвы, захаваньне гістарычнай памяці і культуры.

Старшыня грамады— Альфонсас Аўгуліс. Пазоў у суд падало Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — Юры Карэцкі.

Таксама ў Рымдзюнах была школа зь літоўскай мовай навучаньня. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. Але ў 2022 годзе літоўскую школу закрылі.

У красавіку той жа суд зьліквідаваў літоўскую арганізацыю «Гімціне» ў вёсцы Пеляса. Яно было першым афіцыйна зарэгістраваным абʼяднаньнем літоўцаў у Беларусі.

Пазоў у суд падала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — той жа Юры Карэцкі.

Паводле апошніх зьвестак, у Астравецкім раёне жывуць каля 750 этнічных літоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні ліквідавалі арганізацыю літоўцаў зь вёскі Пеляса Воранаўскага раёну. МЗС Літвы выступіла з пратэстам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі падалі пазоў аб ліквідацыі асацыяцыі цыган «Рома»