Макрон назваў тэрактам здарэньне каля Эйфэлевай вежы

Кветкі на месцы нападу

Нямецкі турыст загінуў, і яшчэ двое (у іх ліку грамадзянін Вялікабрытаніі) пацярпелі ў выніку інцыдэнту, які адбыўся ў суботу ў Парыжы, каля Эйфэлевай вежы.

Паліцыя хутка затрымала 26-гадовага мужчыну, грамадзяніна Францыі, ужыўшы электрашокер.

Узброены нажом падазраваны атакаваў увечар у суботу сямейную пару. Гэта адбылося на набярэжнай Грэнэль, за некалькі крокаў ад Эйфэлевай вежы. У ходзе інцыдэнту быў сьмяротна паранены грамадзянін Нямеччыны. Ужо пасьля таго, як падазраванага пачала перасьледаваць паліцыя, ён напаў з малатком яшчэ на двух чалавек (адным зь іх быў грамадзянін Вялікабрытаніі), пасьля чаго быў затрыманы.

У 2016 годзе падазраваны быў прыгавораны да чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня за плянаваньне тэракту і знаходзіўся ў сьпісе назіраньня францускіх службаў бясьпекі. Нападнік пакутуе на псыхічныя разлады.

«Я выказваю спачуваньні сям'і і блізкім грамадзяніна Нямеччыны, які загінуў сёньня вечарам у выніку тэрарыстычнага нападу ў Парыжы, і спачуваю тым, хто атрымаў раненьні», – заявіў Макрон на плятформе X (былы Twitter).

Па словах паліцыі, падазраваны выгукнуў «Алах акбар», а пасьля затрыманьня сказаў паліцыянтам, што прыгнечаны гібельлю мусульман «у Аўганістане і Палестыне».

Француская антытэрарыстычная пракуратура вядзе расьсьледаваньне інцыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі рэжысэр Сакураў завяршае кар’еру пасьля забароны яго новага фільма