Рыская дума ўхваліла прысваеньне імя Францішка Скарыны аднаму з гарадзкіх сквэраў

Францішак Скарына

Рыская дума ўхваліла прысваеньне аднаму з гарадзкіх сквэраў імя беларускага асьветніка і першадрукара Францішка Скарыны, паведамляе «Позірк» са спасылкай на партал самакіраваньня сталіцы Латвіі.

На карысьць такога рашэньня прагаласавалі 50 з 60 дэпутатаў думы, двое ня ўдзельнічалі ў галасаваньні, 8 адсутнічалі на пасяджэньні.

Ініцыятарамі зьмен назвы сквэру выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі Андрыс Вілкс, прадстаўнікі беларускай дыяспары Вячка Целеш і Дзяніс Давыдаў. Раней назву ўхваліў Камітэт разьвіцьця гораду Рыгі.

Сквэр імя Францішка Скарыны на мапе Рыгі

28 лістапада дэмакратычная лідарка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Рыгі Вілнісам Кірсісам. Яны, сярод іншага, абмеркавалі варыянты «ўпарадкаваньня сквэра» і магчымасьць прыцягненьня да абмеркаваньня яго рэканструкцыі прадстаўнікоў беларускай дыяспары, у прыватнасьці, мастакоў, якія змаглі б «прапанаваць свае праекты».

Таксама падчас сустрэчы Ціханоўская і мэр Рыгі абмеркавалі арганізацыю супольных культурных мерапрыемстваў і выставаў у розных музэях горада, каб прыцягнуць увагу латвійцаў да сытуацыі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністаркай Латвіі: гаварылі пра спрашчэньне легалізацыі беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам і сьпікеркай парлямэнту Латвіі, прапанавала прызнаць КДБ і ГУБАЗіК датычнымі да тэрарызму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прапанавала ўладам Латвіі дапамогу ў вэрыфікацыі беларусаў