Прэзыдэнтам Аргентыны стане Хавіер Мілей, які называе сябе «анарха-капіталістам» і прыходзіў на мітынгі з бэнзапілой

Хаўер Мілей

У Аргентыне прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, які вызначаў, ці зрушыцца ўправа другая па велічыні эканоміка Паўднёвай Амэрыкі.

Папуліста Хавіера Мілея, кандыдата-выскачку, які пачынаў з тэлевізійнай прамовы, часта параўноўваюць з былым прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Ён сутыкнуўся ў другім туры з прафэсійным палітыкам — міністрам эканомікі Сэрхіё Маса з пэранісцкай партыі, якая дзесяцігодзьдзямі была вядучай сілай у аргентынскай палітыцы.

У час Масы інфляцыя перавысіла 140%, а беднасьць павялічылася. Мілей, які сябе называе анарха-капіталістам, прапануе скараціць удзел дзяржавы і стрымаць інфляцыю, у той час як Маса папярэджваў людзей аб нэгатыўных наступствах такой палітыкі, піша АР.

«Што б ні здарылася на гэтых выбарах, будзе неверагодна», — сказаў Люкас Рамэра, дырэктар мясцовай палітычнай кансультацыйнай кампаніі Synopsis. «Было б неверагодна, каб Маса перамог у гэтым эканамічным кантэксьце або каб Мілей перамог супраць такога прафэсійнага кандыдата, як Маса».

Пасьля падліку 99,26% бюлетэняў стала вядома, што Мілей набраў 55,69% галасоў, а Маса 44,30%. Лічбы прыводзіць газэта El Confidencial.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як у пекле». Чаму Беларусь узначаліла антырэйтынг сыстэмаў падаткаабкладаньня

Кампанія Масы папярэдзіла аргентынцаў, што плян яго апанэнта ліквідаваць ключавыя міністэрствы і іншым чынам рэзка скараціць штат будзе пагражаць сфэры дзяржаўных паслуг, у тым ліку ахове здароўя і адукацыі, а таксама праграмам сацыяльнага забесьпячэньня, на якія многія разьлічваюць.

Маса таксама зьвярнуў увагу на часта агрэсіўную рыторыку свайго апанэнта і адкрыта паставіў пад сумнеў яго розум; напярэдадні першага туру Мілей часам насіў на мітынгі бэнзапілу.

Мілей абвінаваціў Масу і яго паплечнікаў у правядзеньні «кампаніі застрашэньня і бруднай тактыцы», але адмовіўся ад некаторых супярэчлівых прапаноў, такіх як паслабленьне кантролю над зброяй. У сваёй апошняй перадвыбарчай рэкляме Мілей запэўніў выбаршчыкаў, што не плянуе прыватызаваць адукацыю і ахову здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін суд у ЗША вырашыў не забараняць Трампу ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта