Reuters паведаміла аб прыпыненьні перамоваў па закладніках у Газе

Шпіталь «Аль-Шыфа» ў сэктары Газа, 8 лістапада 2023

Радыкальная палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, аб’явіла аб прыпыненьні перамоваў аб вызваленьні ізраільскіх закладнікаў у сэктары Газа.

Прычынай названы абстрэл раёну паблізу шпіталю «Аль-Шыфа» на поўначы рэгіёну, перадае Reuters са спасылкай на палестынскага чыноўніка.

Тым часам амэрыканскае выданьне NBC News са спасылкай на крыніцы ў Белым доме паведамляе, што Ізраіль спрабуе дамовіцца з ХАМАС аб вызваленьні 80 жанчын і дзяцей у абмен на вызваленьне з ізраільскіх турмаў палестынскіх жанчын і падлеткаў.

Суразмоўца NBC News не ўдакладніў, колькі вязьняў мае выпусьціць Ізраіль. У Вашынгтона няма ўпэўненасьці ні ў адной са схемаў абмену.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На араба-ісламскім саміце абвінавацілі Ізраіль у ваенных злачынствах

Армія абароны Ізраіля раней пацьвердзіла правядзеньне ваеннай апэрацыі ў раёне бальніцы 12 лістапада. Ізраільскі бок сьцьвярджае, што ХАМАС выкарыстоўвае бальніцу як прыкрыцьцё для падземнага каманднага цэнтра. Групоўка гэтыя абвінавачаньні адпрэчвае.

Іранскае агенцтва Tasnim паведамляла пра гібель некалькіх пацыентаў бальніцы празь недахоп кіслароду пасьля адключэньня электрычнасьці. Войска абароны Ізраілю пры гэтым сьцьвярджала, што ўсходняя частка лякарні адчыненая для праходу. Ізраільскія вайскоўцы паведамілі пра гатоўнасьць эвакуаваць дзяцей з пэдыятрычнага аддзяленьня «Аль-Шыфа».

Акрамя таго, прэс-служба ізраільскай арміі паведаміла, што рыхтавалася перадаць бальніцы 300 літраў паліва для неадкладных мэдычных мэтаў, але гэтую пастаўку заблякавалі прадстаўнікі ХАМАС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайна ва Ўкраіне — гэта велізарны правал. Як і вайна ў Ізраілі», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас
  • Ізраіль праводзіць у сэктары Газа ваенную апэрацыю ў адказ на напад узброеных атрадаў ХАМАС на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Тады, паводле ўдакладненых зьвестак, загінулі 1200 чалавек. Каля 240 былі ўзяты ў заложнікі і вывезены ў сэктар Газа.
  • Паводле апошніх зьвестак падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, у выніку ізраільскіх нападаў загінулі больш за 11 тысяч чалавек, з якіх больш за чатыры з паловай тысячы — дзеці. Незалежнага пацьверджаньня гэтых ацэнак няма.