Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту пачало крымінальную справу паводле арт. 128 («Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва») Крымінальнага кодэксу ў дачыненьні неназваных афіцыйных асоб Латвіі.
Латвійскі бок абвінавачваюць у парушэньні шэрагу міжнародных дамоваў, у тым ліку Канвэнцыі аб статусе ўцекачоў, Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.
У СК заявілі, што латвійскія органы «на сыстэмнай аснове ажыцьцяўляюць незаконную дэпартацыю, акты жорсткасьці і гвалту, узброенае выцясьненьне, катаваньні і зьдзекі ў адносінах іншаземцаў».
Беларускі бок сьцьвярджае, што ахвярамі латвійскіх памежнікаў сталі 12 чалавек.
Таксама ў СК лічаць, што службовыя асобы Латвійскай Рэспублікі прасоўваюць «ідэі расавай перавагі і аўтарытарызму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У адказ на закрыцьцё пункту пропуску на мяжы». У Беларусі забаранілі ўвоз і рэалізацыю шэраг тавараў з ЛатвііГэта ўжо ня першая крымінальная справа супраць службовых асоб суседніх краін, якую завялі ўлады Беларусі. 28 чэрвеня сёлета афіцыйны прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Беларусі Анжаліка Курчак паведаміла, што ў дачыненьні «літоўскага боку» распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 128. Прычынай таксама стала нібыта кепскае абыходжаньне зь мігрантамі.
Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы абвінаваціла рэжым Лукашэнкі і правакаваньні мігранцкага крызісу. У Менску ў адказ абвінавацілі Эўропу ў несправядлівых санкцыях і заявілі, што краіны Эўразьвязу парушаюць правы чалавека. Прапагандысцкія каналы ў Беларусі нават гаварылі пра дзясяткі ахвяр мігранцкага крызісу, памерлых і схаваных уладамі суседніх дзяржаў, але абвінавачаньні нічым не пацьвердзіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія ня стала забараняць рух аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй, забарона закране толькі аўтамабілі з нумарамі РФ