Лукашэнка сабраў сілавікоў: на нарадзе абмяркоўваюць стварэньне Вайсковай пракуратуры

Аляксандар Лукашэнка і генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, архіўнае фота

Сыстэму вайсковых пракуратур зьліквідавалі ў Беларусі ў 2014 годзе.

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 2 лістапада сабраўся найвышэйшы афіцэрскі склад. Сілавікі абмяркоўваюць неабходнасьць стварэньня вайсковых пракуратур.

«Тэма сёньняшняга мерапрыемства — вайсковая пракуратура. Ня буду характарызаваць абстаноўку ў сьвеце: вы цудоўна яе ведаеце. Проста нагадаю, што ў 2014 годзе было прынята рашэньне аб ліквідацыі сыстэмы вайсковых пракуратур», — цытуе Лукашэнку канал МУС Беларусі.

Паўнамоцтвы па наглядзе за выкананьнем заканадаўства ва Ўзброеных Сілах, іншых войсках і вайсковых фармаваньнях Беларусі ў той час перадалі цывільным органам пракуратуры.

«Паўстае заканамернае пытаньне: а цяпер абстаноўка ў гэтых галінах зьмянілася? Напэўна. Паўстае пытаньне: настолькі зьмянілася, што нам трэба ствараць вайсковыя пракуратуры?» — спытаў Лукашэнка.

Затым ён заявіў, што галоўнае пытаньне цяпер тое, ці ёсьць патрэба ўзнаўляць сыстэму пракурорскага нагляду, якая была да 2014 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка занепакоіўся пэнсіямі пракурораў на фоне нявырашаных пэнсійных праблем звычайных беларусаў. Пра што мова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перш чым адправіць людзей за краты, ён любіў пазьдзекавацца зь іх». Што вядома пра судзьдзю, які вынес прысуд гурту Tor Band