Абласны суд адмяніў рашэньне аб канфіскацыі тэлефона ў беларуса за бел-чырвона-белую аватарку ў сацсетцы

Віцебскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Віцебскі абласны суд адмяніў рашэньне суда Верхнядзьвінскага раёну, які пастанавіў канфіскаваць тэлефон як «сродак злачынства» ў віцябляніна, якога ў жніўні затрымалі і судзілі за выяву бел-чырвона-белага сьцяга ў Фэйсбуку, паведамляе партал «Зеркало».

«Забароненую» сымболіку ў профілі мужчыны ў Facebook знайшоў участковы зь Верхнядзьвінску. Ён склаў рапарт аб «выяўленьні правапарушэньня пры аглядзе пэрсанальнай старонкі», у мясцовым РАУС аформілі пратакол аб незаконным пікетаваньні і перадалі яго ў суд Верхнядзьвінскага раёну.

На аватарцы ў мужчыны стаяла яго сямейнае фота з жонкай і дзіцем, да якога была ўжытая рамка са сьцягам Украіны і бел-чырвона-белым сьцягам. Мужчына на судзе прызнаў, што разьмяшчаў такое фота, але падкрэсьліў, што ня меў пры гэтым мэты пікетаваць. Суд з гэтым не пагадзіўся і прызнаў працяглае разьмяшчэньне фота ў стужцы профілю «масавым мерапрыемствам», якое той праводзіў «без дазволу мясцовага выканкаму».

У выніку мужчыну 22 жніўня прысудзілі 10 дзён адміністратыўнага арышту. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон як сродак учыненьня адміністрацыйнага правапарушэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьветлагорскім раёне дзяржаўны беларускі сьцяг памянялі на ўкраінскі. Сілавікі завялі справу

Віцяблянін не абскардзіў рашэньне суду, страціў свой Xiaomi Redmi Note 10 Lite і адбыў арышт. Але ў сярэдзіне кастрычніка справа трапіла на стол да намесьніка старшыні Віцебскага абласнога суду. Чаму — невядома: у матэрыялах не пазначана, што нехта падаваў скаргу ці пратэст. Магчыма, абласны суд проста пераправяраў рашэньні судоў ніжэйшага ўзроўню.

«Вывучыўшы матэрыялы справы, прыходжу да высновы, што пастанова судзьдзі падлягае зьмене», — гаворыцца ў пастанове намесьніка старшыні абласнога суду.

Абласны суд пастанавіў, што суд Верхнядзьвінскага раёну дапусьціў грубую памылку: прызначаць пакараньне паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях можна толькі ў межах санкцыі артыкула, а артыкул 24.23 КаАП не прадугледжвае канфіскацыі сродку ўчыненьня правапарушэньня. Гэта значыць, тэлефон у віцябляніна Л. канфіскавалі незаконна.

Намесьнік старшыні абласнога суду пастанавіў зьмяніць першапачатковае рашэньне, выкрасьліўшы зь яго канфіскацыю, і вярнуць тэлефон Xiaomi Redmi Note 10 Lite уладальніку. Калі ж вярнуць немагчыма, яму павінны кампэнсаваць кошт тэлефона са сродкаў Дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нязручныя для Лукашэнкі сымбалі. За зьнявагу «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга давядзецца адказваць