У Магілёве праходзяць вучэньні «антытэрору» пад патранатам КДБ

Ілюстрацыйнае фота

Улады заявілі аб тым, што ў горадзе выставяць блёкпасты.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі 25 кастрычніка анансаваў правядзеньне 25–26 кастрычніка ў Магілёве вучэньняў і праверкі дзяржаўных органаў на рэагаваньне на тэракты.

У манэўрах удзельнічаюць падразьдзелы КДБ, а таксама міністэрстваў абароны, надзвычайных сытуацый і ўнутраных справаў, Сьледчага і Памежнага камітэтаў і іншых ведамстваў.

У час вучэньняў задзейнічаюць вайсковую тэхніку, імітацыйныя боепрыпасы і іншыя спэцсродкі. Таксама плянуецца выстаўляць на гарадзкой тэрыторыі блёкпасты. Магчымае абмежаваньне руху транспарту.

У траўні блёкпасты ставілі ў Гомлі — гэта былі вучэньні «тэрытарыяльнай абароны».

«Беларускі Гаюн» нагадвае, што падобныя антытэрарыстычныя вучэньні сёлета ладзілі ў Акцябрскім і Буда-Кашалёўскім раёнах Гомельскай вобласьці, а таксама ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праверку боегатоўнасьці беларускага войска пашырылі яшчэ на дзьве вобласьці — Берасьцейскую і Горадзенскую
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу заявіў аб плянах умацаваць адзіную абаронную прастору зь Беларусьсю з улікам «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне