Дачку Садама Хусэйна завочна асудзілі ў Іраку за прапаганду забароненай палітычнай партыі

Рагад Садам Хусэйн, дачка колішняга дыктатара Садама Хусэйна

Партыя была распушчана і забароненая пасьля зьвяржэньня Хусэйна ў 2003 годзе.

Суд у Багдадзе ў нядзелю завочна прысудзіў выгнанай дачцэ ірацкага дыктатара Садама Хусэйна 7 гадоў пазбаўленьня волі за «прасоўваньне» забароненай партыі свайго бацькі «Баас».

Згодна з пастановай, зь якой азнаёмілася AFP, Рагад Садам Хусэйн прызнаная вінаватай у злачынстве паводле артыкулу «прапаганда дзейнасьці забароненай партыі Баас» падчас тэлеінтэрвію, якія яна давала ў 2021 годзе. У пастанове, аднак, не пазначана, за якія менавіта гутаркі яна асуджаная.

Сёньня ў Іраку кожны, хто дэманструе фатаграфіі або лёзунгі, якія прапагандуюць зрынуты рэжым, можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як жа не катаваць, калі яны супраць улады?» Аб чым дыктатары шкадуюць перад сьмерцю

У 2021 годзе Хусэйн расказала на канале «Аль-Арабія», які належыць Саудаўскай Арабіі, пра ўмовы жыцьця ў Іраку падчас жорсткага кіраваньня яе бацькі з 1979 па 2003 год.

«Многія людзі казалі мне, што наш пэрыяд сапраўды быў часам славы, гонару», — сказала яна саудаўскаму каналу. «Вядома, краіна была стабільнай і заможнай».

Рагад Хусэйн жыве ў Ярданіі разам са сваёй сястрой Ранай. Іх браты, Удай і Кусай, былі забітыя войскамі ЗША ў Масуле ў 2003 годзе.

Для большасьці іракцаў чвэрць стагодзьдзя, на працягу якога кіраваў Садам Хусэйн, разглядаецца як час жорсткіх рэпрэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгадаў лёс Кадафі, Хусэйна, «добрага сябра» Мілошавіча, і Чавэса, які «выратаваў нашу краіну»