Грамадзянін Беларусі спрабаваў увезьці ў Літву 18 тысяч эўра. Іх палічылі кантрабандай

Ілюстрацыйнае фота

У Мытнай службе Літвы нагадалі, што без дэкляраваньня на тэрыторыю Літвы, як і ўва ўсе краіны Эўразьвязу, можна ўвозіць ня больш за 10 тысяч эўра.

Супрацоўнікі мытні на пункце пропуску Райгардас затрымалі грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў без дэклярацыі ўвезьці 18 тысяч эўра.

Як паведамляецца на сайце Мытнай службы Літвы, цяпер справу аб «кантрабандзе» расьсьледуюць у Ковенскай раённай пракуратуры.

У Мытнай службе Літвы нагадалі, што без дэкляраваньня на тэрыторыю Літвы, як і ўва ўсе краіны Эўразьвязу, можна ўвозіць ня больш за 10 тысяч эўра.

У выпадку перавышэньня гэтай сумы грамадзянін павінен запоўніць і падпісаць дэклярацыю аб грашовых сродках без асобнага запыту супрацоўніка мытні. У той жа час мытнік можа запатрабаваць задэкляраваць і меншую суму грошай, калі мае падазрэньні ў незаконнай дзейнасьці, зьвязанай з адмываньнем грошай, фінансаваньнем тэрарызму або іншымі парушэньнямі заканадаўства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Літве вырашыў, што дацкі банк ня верне замарожаныя грошы санаторыю «Беларусь» у Друскеніках
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве затрымалі буйную партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт на 3,7 млн эўра