МЗС зьняпраўдзіў паведамленьні аб затрыманьні двух беларусаў у Францыі ў сувязі са справай аб забойстве настаўніка

Паліцыя непадалёк месца забойства настаўніка

Напярэдадні СМІ паведамілі аб затрыманьні грамадзян Беларусі, зь якімі нібы камунікаваў забойца да ўчыненьня злачынства.

Трагедыя адбылася ў школе ў горадзе Арас, загінуў настаўнік.

Аднак інфармацыя пра затрыманьне двух грамадзян Беларусі ў сувязі з нападам у школе «не адпавядае рэчаіснасьці», паведамілі Sputnik у прэс-службе МЗС. Там адзначылі, што беларускае пасольства ў Францыі знаходзіцца ў кантакце з суайчыньнікамі, а таксама з праваахоўнымі органамі.

«Беларусы знаходзяцца ў гасьцініцы, ніякіх абмежавальных мер да іх не прымалася. Бліжэйшым часам яны плянуюць вярнуцца ў Беларусь», — праінфармавалі ў міністэрстве замежных спраў.

Размова ідзе аб злачынстве, якое было ўчынена 13 кастрычніка: 20-гадовы мужчына з нажом учыніў напад на супрацоўнікаў ліцэя Гамбэта ў францускім горадзе Арас, на поўначы краіны.

Тады француская паліцыя паведаміла аб затрыманьні 10 чалавек, якія мелі кантакты з тым, хто нападаў. Таксама была інфармацыя, што сярод затрыманых — двое беларусаў.

Падчас нападу адзін чалавек загінуў, яшчэ трое атрымалі розныя раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі пры нападзе з нажом на школу забіты настаўнік
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Беларусі ў Ізраілі — грамадзянам Беларусі: самалёты лётаюць, выбірайцеся самастойна