Расейцаў, альбанца і беларуса абвінавачваюць у вывазе тавараў з Баўгарыі для расейскіх наймітаў ва Ўкраіне

Кадар з прэс-канфэрэнцыі спэцслужбаў Баўгарыі, якая паказала структуру дзеяньняў злачыннай групоўкі. Плоўдзіў, 10 кастрычніка 2023

Затрыманьні прайшлі ў чатырох гарадах Баўгарыі.

Як піша баўгарская служба Радыё Свабода, тром расейцам, альбанцу і беларусу выставілі абвінавачаньні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, якая вывозіла тавары ў Расею ў парушэньне заходніх санкцыяў, уведзеных супраць Масквы ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.


Пра гэта ў сераду паведаміла Баўгарскай нацыянальнай тэлевізіі акруговая пракурорка Плоўдзіва Ваня Хрыстэва. Напярэдадні пракуратура, МУС і Дзяржаўнае агенцтва нацыянальнай бясьпекі заявілі, што разгромлена злачынная група з 12 чалавек, якая вазіла тавар расейскім наймітам, што ваююць на тэрыторыі Ўкраіны, напрыклад «Вагнэру».

«Затрыманыя 12 чалавек, пазьней да крымінальнай адказнасьці прыцягнутыя 5 чалавек – грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, грамадзянін Альбаніі і грамадзянін Беларусі», – сказала пракурорка Хрыстэва.

Акцыя адбылася ў Плоўдзіве, Сафіі, Варне і Вялікім Тырнаве. У сераду акруговая пракуратура Плоўдзіва падала ў суд хадайніцтва аб бестэрміновым арышце пяці абвінавачаных іншаземцаў.

Хрыстэва таксама паведаміла, што злачынная група дзейнічала праз зарэгістраваную ў Плоўдзіве фірму, ад імя якой закупляліся тавары двайнога прызначэньня. Сярод іх аптычныя прылады, прыцэлы, біноклі, радыёстанцыі.
Паводле яе, гэтыя рэчы затым перапакоўвалі ў кватэры ў Плоўдзіве і транспартавалі ў валізках і сумках у аэрапорт Сафіі, празь які іх спрабавалі вывезьці.

Аднак Агенцтва нацыянальнай бясьпекі і МУС не дапусьцілі гэтага.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі Свабоднай Эўропы, фірма, празь якую ішла гэтая дзейнасьць, называецца «Афлон». Камэрцыйны рэестар сьведчыць, што яна афіцыйна належыць грамадзянам Грэцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля краін Балтыйскага рэгіёну Баўгарыя забараніла ўезд аўтамабілям з расейскімі нумарамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя выдварае двух грамадзян Беларусі, служкаў Расейскай праваслаўнай царквы