На сустрэчы было абвешчана аб стварэньні групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» з краінаў-удзельніц АБСЭ.
Ціханоўская падчас свайго выступу падзякавала ўсім дзяржавам-удзельніцам АБСЭ за запуск Венскага і Маскоўскага мэханізмаў адносна Беларусі, але падкрэсьліла, што справаздачы ў рамках маскоўскіх мэханізмаў «ня мусяць быць канчатковым пунктам — яны павінны стаць асновай для дзеяньняў», і адзначыла, што выканаўчыя структуры АБСЭ «мала што зрабілі для ўрэгуляваньня крызісу ў Беларусі», паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Я хачу заклікаць БДІПЧ і Сакратарыят да выкананьня ўжо наяўных у іх мандатаў. Ім ня трэба запытваць у дзяржаваў-удзельніц ніякіх дадатковых дазволаў або ўзгадненьняў. Яны маюць свае мандаты і павінны іх выконваць», — заявіла Ціханоўская.
Яна заклікала АБСЭ садзейнічаць больш хуткаму прыцягненьню Лукашэнкі да адказнасьці за перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, «што зьяўляецца актам генацыду і ваенным злачынствам», а таксама задзейнічаць максымум мэханізмаў Міжнароднага крымінальнага суду і інструмэнт унівэрсальнай юрысдыкцыі па справах злачынстваў супраць беларускага народу.
«Крымінальныя справы па фактах катаваньняў у Беларусі ўжо завялі ў Літве і Польшчы. Каб дапамагчы беларусам дабіцца справядлівасьці, мы зьвяртаемся да нашых партнэраў з просьбай канкрэтызаваць кола злачынстваў, якія падпадаюць пад унівэрсальную юрысдыкцыю», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб Беларусі ў Эўрапарлямэнце расказаў, як успрынялі прапанову завесьці справу на Лукашэнку ў ГаазеПадчас свайго выступу дэмакратычная лідэрка Беларусі таксама закранула тэму палітвязьняў і адзначыла, што «БДІПЧ і Сакратарыяту трэба самым рашучым чынам запатрабаваць наведваньня палітычных зьняволеных у Беларусі», а таксама публічна запытаць доступ да маніторынгу судовых працэсаў у Беларусі.
«Чаму АБСЭ публічна не зьвярнулася з просьбай, напрыклад, аб наведваньні ў турме ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 2022 году Алеся Бяляцкага?» — спытала Ціханоўская.
Падчас свайго выступу яна чарговым разам падкрэсьліла, што разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі «зьяўляецца вельмі наглядным прыкладам таго, як парушэньні правоў чалавека падрываюць калектыўную бясьпеку АБСЭ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня спынімся, пакуль ня вернем нашу краіну». Дэмсілы Беларусі прапануюць альтэрнатыву парлямэнцкім выбарам