У Наваполацку работніка «Нафтана» асудзілі за абліты фарбай аўтамабіль на крымскіх нумарах і зь літарай «Z»

Міліцэйскі канвой. Ілюстрацыйнае фота

Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), паведамляюць праваабаронцы.

У судзе гораду Наваполацку вынесьлі прысуд 53-гадоваму работніку «Нафтана» Ільлю Двойрыну, які 1 ліпеня абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі нумарамі і літарай «Z». Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).

Ільлю затрымалі 4 ліпеня разам з сынам Дзьмітрыем і нявесткай Вікторыяй, а таксама іншымі сваякамі. Па месцы жыхарства правялі ператрус. Пазьней Двойрына зьмясьцілі ў Віцебскі ІЧУ.

Спачатку на Ільлю склалі адміністрацыйны пратакол і арыштавалі на 15 сутак. Паводле пратакола, раніцай 16 траўня на аўтобусным прыпынку мужчына расклеіў улёткі з выявай Пуціна і тэкстам палітычнай тэматыкі. Пасьля гэтага супраць Двойрына ўзбудзілі крымінальную справу за хуліганства.

27 верасьня абвінавачаньне запрасіла пакараць Двойрына пазбаўленьнем волі на 1 год умоўна. Менавіта такі прысуд і вынес судзьдзя Віталь Лапко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 верасьня: 6 чалавек асудзілі за ўдзел у акцыі 2020 году; у кватэры затрыманага журналіста Толчына правялі ператрус