Улады скасавалі літаратурна-песенны фэстываль у Белаазёрску «Бабіна лета зь Нінай Мацяш»

Васіль Жуковіч, Ніна Мацяш. Белаазёрск, 17 сьнежня 2008 г. Апошні здымак паэткі.

Стала вядома, што літаратурна-песенны фэстываль у Белаазёрску «Бабіна лета зь Нінай Мацяш» больш праводзіцца ня будзе.

Як нагадвае Bellit.info, фэстываль быў заснаваны ў 2010 годзе і традыцыйна праходзіў у Доме культуры Белаазёрску з удзелам прадстаўнікоў школаў і бібліятэк гораду, а таксама мясцовых уладаў. Звычайна яго праводзілі ў дзень нараджэньня паэткі 20 верасьня.

Прыкметна, што навіна пра скасаваньне фэстывалю прыйшла ў час, калі аматары паэтычнай творчасьці Ніны Мацяш зьбіраюцца адзначаць 80-годзьдзе з дня яе нараджэньня.

Ніна Мацяш (20 верасьня 1943, вёска Нівы Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці — 19 сьнежня 2008, Белаазёрск) — паэтка, перакладніца. Скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу (1960), паступіла на факультэт францускай мовы Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў. Праз хваробу вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак, скончыла інстытут у 1966. Большую частку жыцьця перамяшчалася на вазку.

Аўтарка зборнікаў паэзіі, сярод якіх «Агонь» (1970), «Прыручэньне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчасьлівай долю назаві» (1990) і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя» (1982).

Перакладала зь нямецкай, польскай, францускай. У яе перакладзе з украінскай выйшла паэма «Маруся Чурай» Ліны Кастэнка (1989).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2020 году — «Mein Kampf» і «Манифест Новой России», пасьля — Арлоў і Бахарэвіч. Як і якія кнігі ў Беларусі прызнавалі экстрэмісцкімі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску гарвыканкам адмовіўся назваць адну з вуліц імем Генадзя Бураўкіна

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбраныя творы Геніюш, Някляева, Арсеньневай і іншых аўтараў трапілі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»