Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес, які быў адной з ключавых пэрсон у падтрыманьні Ўкраіны ў яе супраціве агрэсіі Расеі, пайшоў у адстаўку.
Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце ўраду Вялікай Брытаніі, на якім апублікавалі ліст Бэна Ўолеса аб адстаўцы на імя брытанскага прэм’ера, і адказ кіраўніка ўраду Рышы Сунака.
Бэн Уолес падзякаваў прэм’еру краіны за падтрымку Ўзброеных сіл і выведкі краіны і заклікаў яго не пагаджацца на зьмяншэньне выдаткаў на сфэру абарону і бясьпекі.
«Я ведаю, вы пагодзіцеся са мной, што мы не павінны вяртацца да тых часоў, калі выдаткі на абарону пакідаліся на волю ўраду, а эканомія дасягалася коштам іх скарачэньня», — адзначыў міністар абароны ў лісьце.
Рышы Сунак у сваю чаргу падзякаваў Уолесу за працу і паведаміў, што з разуменьнем ставіцца да ягонага рашэньня аб адстаўцы.
Бэн Уолес ачольваў Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі з 2019 году, а да гэтага займаў пасаду міністра бясьпекі.
Новым кіраўніком Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі стаў дэпутат Грант Шапс.
The Rt Hon Grant Shapps MP @GrantShapps has been appointed Secretary of State for Defence @DefenceHQ pic.twitter.com/ln5Sw6ZRyq
— UK Prime Minister (@10DowningStreet) August 31, 2023
Грант Шапс у 2019–2022 гадах працаваў міністрам транспарту, міністрам унутраных спраў з 19 па 25 кастрычніка 2022 году і міністрам энэргетычнай бясьпекі з 2023 году. Двойчы працаваў ва ўрадзе Дэйвіда Кемэрана і пэўны час быў сустаршынём Кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў аб пераходзе ўкраінскага войска на новую авіяцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія выдзеліць у 2023 годзе 2,3 млрд фунтаў на падтрымку Ўкраіны