На могілках ПВК «Вагнэр» у вёсцы Нікалаеўка Самарскай вобласьці Расеі зносяць крыжы на магілах наймітаў. Пра гэта паведамляюць мясцовыя жыхары, а таксама карыстальнікі сацсетак і тэлеграм-каналаў.
Па словах відавочцаў, крыжы і вянкі сабралі ў адным месцы, а самі магілы зраўнялі зь зямлёй.
Мясцовыя СМІ пішуць, што алея, дзе былі пахаваныя вагнэраўцы, стане роўнай тэрыторыяй. Яе зальюць бэтонам, а на месцы кожнай магілы нібы зьявіцца чорная піраміда.
Могілкі наймітаў ПВК «Вагнэр» зьявіліся ў Самарскай вобласьці Расеі некалькі месяцаў таму. У красавіку заснавальнік ПВК Яўгеній Прыгожын адкрыў на могілках памятную стэлу. Яе, мяркуючы па фота і відэакадрах, зносіць ня сталі.
Афіцыйных камэнтароў ад уладаў Самарскай вобласьці пра знос магіл наймітаў пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родныя зьніклага зьняволенага, які вырас у Беларусі, знайшлі яго на могілках ПВК «Вагнэр»