На чарнаморскім узьбярэжжы ў Румыніі выбухнула міна. Яшчэ адну абясшкодзілі

Выбух міны на румынскім узьбярэжжы Чорнага мора

Адзін чалавек пацярпеў, але ад шпіталізацыі адмовіўся.

Раніцай 14 жніўня на пірсе аднаго са шматлюдных курортаў Румыніі Кастынэшць адбыўся моцны выбух, адзін грамадзянін пацярпеў, але ад шпіталізацыі адмовіўся.

Як паведаміла румынскае выданьне Digi24, выбухнула адна міна, а для абясшкоджаньня яшчэ адной накіравалі адмысловую вадалазную групу Вайскова-марскіх сіл Румыніі.

У Вайскова-марскіх сілах Румыніі паведамілі, што з пачатку вайны ва Ўкраіне вадалазы ўжо абясшкодзілі пяць марскіх мінаў.

Расея фактычна ад пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ўсталявала кантроль над Чорным морам і выкарыстоўвае міны, каб папярэдзіць напад Украіны на Крым. У сваю чаргу Ўкраіна замінавала ўзьбярэжжа ў Адэскай вобласьці, каб не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных груп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Румынія абвінаваціла Расею ў ваенных злачынствах пасьля абстрэлаў гандлёвага порту Ізмаіл