Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не выключаюць, што для стварэньня кантрактнай арміі ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка мае намер выкарыстаць расейскую прыватную кампанію «Вагнэр».
«Цяпер у Беларусі няма „кантрактнай арміі“ ці структуры, падобнай да „кантрактнай арміі“, што ў такім кантэксьце, хутчэй за ўсё, адносіцца да расейскага тэрміну „контрактники“ — прафэсійныя вайскоўцы-добраахвотнікі, а не жаўнеры тэрміновай службы», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 1 жніўня.
Экспэрты зьвярнулі асобную ўвагу на тое, што ў Беларусы няма злучэньняў, вышэйшых за ўзровень брыгады, а асноўнымі баявымі адзінкамі ёсьць шэсьць асобных брыгадаз (тры мэханізаваныя, дзьве дэсантныя і адна спэцыяльнага прызначэньня), укамплектаваныя вайскоўцамі 18-месячнай тэрміновай службы і часткай кантрактнікаў.
«Стварэньне „кантрактнай арміі“, хутчэй за ўсё, запатрабуе стварэньня новага фармаваньня або істотнай рэарганізацыі дзейных беларускіх брыгадаў і капітальнага перагляду навучальных кадраў для стварэньня сілаў з прафэсійных вайскоўцаў з працяглым тэрмінам службы, як раней (і няўдала) у Расеі», — мяркуюць экспэрты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Міністэрства абароны Беларусі адмаўляеВагнэраўцы не нясуць пагрозы для Польшчы і Ўкраіны
Экспэрты ISW зьвязалі парушэньне беларускімі гелікоптэрамі паветранай прасторы Польшчы з прысутнасьцю вагнэраўцаў у Беларусі, але па-ранейшаму пераконваюць, што расейская ПВК «Вагнэр» не нясе ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны.
«Сілы вагнэраўцаў у Беларусі не нясуць ваеннай пагрозы для Польшчы (ці Ўкраіны, калі на тое пайшло), пакуль ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Пры гэтым экспэрты Інстытуту асобна падкрэсьлілі, што Лукашэнка раскрытыкаваў урад Польшчы за «празьмерную рэакцыю на навіну аб тым, што каля сотні вагнэраўцаў наблізіліся да беларуска-польскай мяжы», у той час як тыя знаходзяцца ў Горадні і Берасьці, а не каля мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў свае словы пра вагнэраўцаў і Польшчу жартамШто важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.