Падчас сёньняшніх атак Расеі Ўкраіна зьнішчыла 36 расейскіх крылатых ракет, — Паветраныя сілы Ўкраіны

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі нанесьлі два ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны, Ўзброеныя сілы Ўкраіны зьбілі 36 расейскіх крылатых ракет, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

«Каля 17:00 супернік атакаваў з раёна Касьпійскага мора крылатымі ракетамі паветранага базаваньня Х-101/Х-555. Былі зафіксаваныя пускі 36 ракет з васьмі стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС. Ракеты заходзілі ў паветраную прастору Ўкраіны з паўднёва-ўсходняга напрамку, ішлі на захад, пастаянна мяняючы напрамак палёту», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, як паведамляюць Паветраныя сілы Ўкраіны, каля 19:00 расейскія войскі паднялі ў неба зьнішчальнікі МіГ-31К і нанесьлі ўдар чатырма аэрабалістычнымі ракетамі Х-47 «Кінжал» у напрамку Хмяльніцкай вобласьці.

Па выніках баявой працы супрацьпаветраная абарона Ўкраіны зьнішчыла 36 паветраных цэляў — 3 крылатыя ракеты «Калібр» і 33 крылатыя ракетыХ-101/Х-555, заяўляе ведамства. Адносна наступстваў пускаў Х-47 «Кінжал» інфармацыя ўдакладняецца, дадаюць украінскія вайскоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўначы зноў атакавала Адэсу і Мікалаеў ракетамі. Больш за 20 пацярпелых

У большасьці абласьцей Украіны пасьля 13:30 26 ліпеня аб’яўлялі паветраную трывогу. Пасьля Паветраныя сілы ЎСУ паведамілі аб зьбіцьці ў Віньніцкай вобласьці двух крылатых ракет «Калібр».

Каля 18:00 па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны зноў абʼявілі паветраную трывогу, якая доўжылася больш за дзьве гадзіны. Паводле паветраных сіл ВСУ, украінскія вайскоўцы зьбілі расейскія ракеты на Кіеўшчыне, Харкаўшчыне, а таксама ў Дняпры.

У Расеі гэтую інфармацыю афіцыйна не камэнтавалі.

Свабода ня можа апэратыўна праверыць заявы бакоў канфлікту пра ваенныя дзеяньні зь незалежных крыніц.