У аэрапорце Кішынёва замежны грамадзянін усчаў страляніну, загінулі два чалавекі. Пра гэта паведамляе малдаўская служба Радыё Свабода са спасылкай на МУС.
Па дадзеных ведамства, нападнік затрыманы, ён атрымаў раненьні. У МУС заявілі, што гэта замежны грамадзянін, якому не дазволілі ўехаць у Малдову. Падчас канваіраваньня ў стэрыльную зону, дзе мужчына меўся чакаць зваротнага рэйсу, ён адабраў у памежніка пісталет і сьмяротна параніў двух чалавек, паведамляе News. Maker са спасылкай на тэлеграм-канал ураду Малдовы.
Пазьней выданьне ўдакладніла, што нападнік — 43-гадовы грамадзянін Таджыкістану, якому забаранілі ўезд у Малдову з меркаваньняў бясьпекі. Ён застрэліў памежніка і супрацоўніка службы бясьпекі аэрапорту, распавёў прэм’ер-міністар Дорын Рэчан. Таксама быў паранены пасажыр, яго шпіталізавалі.
Заведзеная крымінальная справа аб тэрарызьме. У МУС зазначаюць, што нападнік будзе прыцягнуты да адказнасьці.
Усе рэйсы ў кішынэўскім аэрапорце былі затрыманы, пасажыры эвакуаваныя з будынка.