22 чэрвеня, у гадавіну нападу нацысцкай Нямеччыны на СССР, у Беларусі цяпер афіцыйна адзначаюць як «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу». Так гэты дзень быў названы ўказам Лукашэнкі.
Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт цяпер праводзяць сьледчыя дзеяньні ў справе «аб генацыдзе беларускага народу» ў часы Другой сусьветнай вайны. Дзеля гэтага нядаўна Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла закон аб крымінальным перасьледзе памерлых.
22 чэрвеня ў Берасьці , Магілёве і іншых гарадах прайшлі жалобныя імпрэзы, на якіх, апрача дзяржаўных беларускіх сьцягоў, выкарыстовалі і сучасныя расейскія сьцягі.
Бела-сіне-чырвоны трыкалёр у часы Другой сусьветнай вайны выкарыстоўвалі расейскія калябарацыйныя фармаваньні, у тым ліку армія генэрала Ўласава.
Справа «аб генацыдзе беларускага народу»
Справу аб генацыдзе беларускага народу ініцыявалі ў Беларусі пасьля пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Па выніках расьсьледаваньня крымінальнай справы пракуроры прыйшлі да высновы, што ў Беларусі было зьнішчана ня менш за 10,5 тысячы населеных пунктаў і забіта сама меней 3 млн чалавек. У кастрычніку мінулага году завяршыла працу спэцыяльная ўрадавая камісія, якая вызначала матэрыяльную шкоду, нанесеную ў гады ІІ сусьветнай вайны БССР.
Генэральны пракурор Андрэй Швед раскрытыкаваў краіны Эўропы за нежаданьне дапамагчы ў расьсьледаваньні справы аб генацыдзе.