У Расеі пажар на Тамбоўскім парахавым заводзе, загінулі чацьвёра рабочых

Пажары на Тамбоўскім парахавым заводзе адбываюцца рэгулярна. Верасень 2009. Архіўнае фота

Улады выключаюць тэракт. Гэта другі пажар на прадпрыемстве з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

Губэрнатар Тамбоўскай вобласьці Максім Ягораў заявіў, што пажару на Тамбоўскім парахавым заводзе папярэднічаў «воплеск» (так у Расеі часта называюць выбухі. — РС).

«Прычына пажару — чалавечы фактар. Адназначна заяўляю, гэта не тэракт. На жаль, ёсьць ахвяры», — паведаміў Максім Ягораў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, пажар адбываўся на плошчы аднаго квадратнага мэтра, і яго патушылі праз 10 хвілін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі зноў пажары на НПЗ пасьля атак бесьпілётнікаў

«Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, тэхналягічны цыкль не парушаны, вытворчасьць ня спыненая», — напісаў ён.

Губэрнатар Тамбоўскай вобласьці не ўдакладніў колькасьць загінулых у выніку інцыдэнту. Расейскія СМІ паведамляюць пра пяць загінулых і 13 шпіталізаваных.

Тамбоўскі парахавы завод пабудаваны ў 1915 годзе. Гэта другі пажар на прадпрыемстве з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Першы адбыўся ў кастрычніку 2022 году, тады абышлося без ахвяр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крыме адбыўся выбух на чыгунцы