Прадстаўніца ЗША пра «вагнэраўцаў» на беларуска-польскай мяжы: іхныя атакі будуць лічыцца атакамі ўладаў Расеі

Прадстаўніцы ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд, архіўнае фота

У ЗША лічаць, што вагнэраўцы дзейнічаюць пад кіраўніцтвам расейскіх уладаў.

Адказнасьць за ўсе агрэсіўныя дзеяньні наймітаў ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, будзе ўскладацца на ўлады Расеі, вынікае з заявы пастаяннай прадстаўніцы ЗША пры ААН Лінды Томас-Грынфілд на прэс-канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку.

На пытаньне, ці насьцярожаныя Злучаныя Штаты прысутнасьцю расейскіх наймітаў у Беларусі — каля мяжы з Польшчай, дыпляматка адказала, што ЗША выказвалі занепакоенасьць наконт вагнэраўцаў «задоўга да таго, як тыя трапілі ў прэсу празь нядаўнюю атаку на іхныя ўласныя ўлады», а таксама ў сувязі зь іхнай «шкоднай актыўнасьцю на афрыканскім кантынэнце».

«Таму мы, безумоўна, занепакоеныя тым, што гэтая група, якая дзейнічае з наказу расейскіх уладаў (бо яны не працуюць незалежна ад уладаў Расеі), ёсьць пагрозаю для ўсіх нас. І мы мусім ясна даць зразумець: усе атакі групы „Вагнэр“ будуць разглядацца як атакі з боку расейскіх уладаў», — падкрэсьліла Томас-Грынфілд.

ЗША будуць старшыняваць у Радзе Бясьпекі ААН цягам жніўня.


Паводле інфармацыі маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн», найміты ПВК «Вагнэр» зь сярэдзіны ліпеня рэгулярна прыбываюць у Беларусь. Паводле яго ацэнак, у краіне ня менш за 3,5 тысячы наймітаў, а паводле ўкраінскай памежнай службы — крыху больш за 5 тысяч.


12 ліпеня кіраўнік камітэту абароны расейскай Думы Андрэй Картапалаў заявіў, што задача «Вагнэра» — захоп Сувальскага калідору (тэрыторыі Польшчы і Літвы паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю Расеі).
На сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Пуціным 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка заявіў аб жаданьні вагнэраўцаў, якія месьцяцца ў Беларусі, «схадзіць на экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў — сталіцу Падкарпацкага ваяводзтва Польшчы, празь які пралягае шлях паставак Украіне заходняе зброі.


29 ліпеня польскі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў: Варшава мае інфармацыю, што «больш за 100 наймітаў групы „Вагнэр“ рухаюцца ў кірунку Сувальскага калідору пад Горадню ў Беларусі». Ён дапусьціў, што найміты могуць выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў для дэстабілізацыі сытуацыі на мяжы альбо паспрабуюць пранікнуць на польскую тэрыторыю.


1 жніўня Лукашэнка заявіў, што «ніякія атрады» вагнэраўцаў у заходнюю частку Беларусі «не перамяшчаліся», а калі і перамяшчаліся, то «каб перадаць баявы досьвед брыгадам, сканцэнтраваным у Берасьці і Горадні». Паводле словаў Лукашэнкі, Беларусі Сувальскі калідор «тысячу гадоў не патрэбны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў свае словы пра вагнэраўцаў і Польшчу жартам
  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 14 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
  • Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ПВК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераўзброеныя мэханізаванай тэхнікай».