Міністар абароны Хрэнін: «Комплекс С-400 — яшчэ адзін этап умацаваньня мяжы „саюзнай дзяржавы“»

Віктар Хрэнін, архіўнае фота

Віктар Хрэнін заявіў, што комплекс С-400 Беларусь атрымала ў «рамках супрацоўніцтва з Расеяй».

Кіраўнік абароннага ведамства БеларусіВіктар Хрэнін пракамэнтаваў пастаноўку на ўзбраеньне найноўшага зэнітнага ракетнага комплексу С-400. Сярод іншага, ён заявіў, што заходнія краіны ўмацоўваюць свой вайсковы, у тым ліку наступальны, патэнцыял.

«Для нас жыцьцёва важна прымаць рашэньні для ўзмацненьня абароннага патэнцыялу нашай дзяржавы», — заявіў Віктар Хрэнін.

Таксама Хрэнін заявіў, што галоўнай задачай міністэрства сёньня зьяўляецца «недапушчэньне вайсковай агрэсіі» супраць Рэспублікі Беларусь.

Комплекс С-400 прызначаны для зьнішчэньня паветраных і некаторых балістычных цэляў. Новыя ракеты для С-400 у стане страляць на адлегласьць да 400 кілямэтраў. Адзін комплекс С-400 (туды ўваходзіць чатыры адзінкі тэхнікі) каштуе каля 650 мільёнаў даляраў.

Як заўважыў праект «Беларускі Гаюн», на апублікаваных фота Мінабароны, сярод іншага, прысутнічае камандзір 15-й зэнітнай ракетнай брыгады УС РБ (в/ч 30151) палкоўнік Андрэй Долбік, аб прыбыцьці комплексу на відэа «ВоенТВ» дакладваў вайсковец гэтай брыгады.

Акрамя гэтага, аналіз фота і відэа Мінабароны паказвае, што міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін наведаў разьмяшчэньне 6-га зэнітнага ракетнага дывізіёна 15-й зэнітнай ракетнай брыгады ў навакольлях вёскі Дубрава (Смалявіцкі раён, Менская вобласьць). Усё гэта зь вялікай доляй імавернасьці ўказвае на тое, што менавіта на ўзбраеньне 6-га дывізіёна 15-й брыгады паступіў ЗРК С-400.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны заявіла пра атрыманьне чарговага ЗРК С-400 і прыбыцьцё ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі генэрал, які заклікаў падтрымаць паўстаньне супраць Лукашэнкі: Шляхам выбараў уладу ў Беларусі ўжо не зьмяніць