Выданьне The Village Беларусь спыняе працу, бо няма грошай

Скрыншот The Village Беларусь. Архіўнае фота.

Гарадзкі часопіс, прысьвечаны жыцьцю Менску, улады прызналі экстрэмісцкім у канцы 2022 году, як і многія іншыя незалежныя СМІ.

Сайт The Village Беларусь, які пачаў працаваць шэсьць гадоў таму, спыняе працу. Каманда праекту пакідае яго, пра што паведаміла ў Facebook галоўны рэдактар Яўгенія Сугак.

Кіраўніца The Village Беларусь адзначыла, што «яна і ўся каманда пакідаюць праект зь вялікім шкадаваньнем і любоўю».

Прычынай спыненьня працы Яўгенія Сугак назвала адсутнасьць фінансаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народная Воля» пад пагрозай закрыцьця: выданьне зьвярнулася да чытачоў з просьбай аб дапамозе

Яна дадала, што на працягу ўсіх шасьці гадоў журналісты выданьня «змагаліся за зручны і свабодны горад, супраць рэжыму і сваволі ўладаў», а да блякаваньня і прызнаньня мэдыя экстрэмісцкім яго чыталі паўтара мільёна карыстальнікаў у месяц.

Гарадзкі часопіс The Village Беларусь, прысьвечаны жыцьцю Менску, быў створаны па франшызе, выкупленай у расейскага выдавецкага дома Look At Media ў 2017 годзе. Аднак больш як год таму The Village Беларусь выйшла з франшызы.

Сайт і сацсеткі The Village Беларусь беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў канцы 2022 году. Стужка навінаў на сайце не абнаўлялася з канца сакавіка 2023 году. Апошні артыкул, прысьвечаны жыцьцю беларусаў на эміграцыі, быў разьмешчаны 11 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заблякавалі сайт Devby.io, які піша пра ІТ-сэктар