Прэзыдэнт Польшчы падпісаў закон аб расьсьледаваньні расейскага ўплыву. Чаму апазыцыя пратэстуе

Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы падпісаў законапраект аб стварэньні камісіі, якая будзе расьсьледаваць уплыў Расеі на прадстаўнікоў улады, нягледзячы на крытыку апазыцыі, якая назвала гэты крок «паляваньнем на вядзьмарак супраць апанэнтаў ураду ў год выбараў».

Кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» заяўляе, што лібэральная апазыцыйная партыя «Грамадзянская плятформа», якая знаходзілася ва ўладзе з 2007 па 2015 гады, дазволіла Польшчы трапіць у небясьпечную залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў.

«Грамадзянская плятформа» абвяргае абвінавачаньні, кажучы, што яны накіраваныя на выдаленьне з палітычнай сцэны лідэра партыі, былога прэм’ер-міністра Дональда Туска напярэдадні выбараў, заплянаваных на восень.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што папросіць Канстытуцыйны суд разгледзець законапраект пасьля таго, як норма набудзе моц.

«Я падпісваю законапраект, таму што лічу, што ён павінен уступіць у сілу, павінен пачаць дзейнічаць», — сказаў Дуда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Польшчы: «Уключэньне вольнай Беларусі ў эўрапейскую сям’ю павінна быць стратэгічным прыярытэтам Рады Эўропы»

Камісія будзе расьсьледаваць пэрыяд з 2007 па 2022 гады. Яна мае права забараняць асобам, якія будуць абвінавачаныя ў дзеяньнях пад уплывам Расеі, на працягу 10 гадоў мець допуск да сакрэтнай інфармацыі або дзяржаўных сродкаў. Гэта фактычна пазбаўляе іх права займаць дзяржаўныя пасады.

Чальцы камісіі будуць абірацца парлямэнтам, дзе «Права і справядлівасьць» мае нязначную большасьць.

Законапраект сутыкнуўся з моцнай крытыкай. На думку апанэнтаў кіруючай партыі, любая спроба пазбавіць апазыцыю прадстаўніцтва ва ўладзе нанясе шкоду дэмакратыі. Акрамя таго, законапраект ускладае на дзяржаўны адміністрацыйны орган адказнасьць за функцыі, якія павінны знаходзіцца ў распараджэньні судовай галіны ўлады.