«Зубы цмока» і іншыя ўмацаваньні пад Гомлем расьцягнуліся на два кілямэтры. Фота са спадарожніка

Спадарожнікавы здымак вайсковых умацаваньняў пад Гомлем. 25 траўня 2023

У Беларусі збудавалі абарончыя ўмацаваньні на мяжы з Украінай. Паказваем, як яны выглядаюць на спадарожнікавых здымках сэрвісу Planet Labs.

За 20 кілямэтраў ад мяжы з Украінай і за 10 кілямэтраў ад Гомля каля вёскі Калініна зьявіліся вайсковыя абарончыя збудаваньні, якія ўключаюць у сябе лінію з супрацьтанкавымі «зубамі цмока». Падобную лінію ня так даўно зрабілі на акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама ў памежных рэгіёнах Расеі. Галоўная яе задача — замарудзіць ці накіраваць бранятэхніку праціўніка ў патрэбны раён, дзе яе зручней зьнішчаць.

Спадарожнікавы здымак вайсковых умацаваньняў пад Гомлем. 25 траўня 2023

Самі «зубы» — гэта квадратна-пірамідальныя канструкцыі з жалезабэтону. Відэа зь імі зьявілася ў гарадзкіх чатах.

Лінія з «зубоў цмока» каля вёскі Калініна. Скрыншот зь відэа.

Лінія «зубоў цмока» на захад ад трасы М8, якая вядзе з Гомля ў бок украінскай мяжы. 25 траўня 2023

Лінія «зубоў цмока» на ўсход ад трасы М8, якая вядзе з Гомля ў бок украінскай мяжы. 25 траўня 2023

Агульная даўжыня абарончай лініі складае каля двух кілямэтраў (400 мэтраў — заходняя частка, 1600 мэтраў — усходняя).

Акопы для людзей і тэхнікі на ўскрайку вёскі Калініна. 25 траўня 2023

Дакладна мэта ўзьвядзеньня такіх умацаваньняў невядомая, але яны зьявіліся якраз перад пачаткам так званага збору «Вайсковая бясьпека і абарона Рэспублікі Беларусь» з удзелам міністра абароны Віктара Хрэніна разам з кіраўнікамі і вайсковымі камісарамі абласьцей у Гомлі. Адзін з пунктаў сустрэчы ўключаў у сябе агляд гэтых збудаваньняў пад вёскай Калініна.

Асобна хочацца зьвярнуць увагу, што большая частка акопаў — зусім побач з жылымі дамамі. Некаторыя зь іх выкапаныя менш як за 10 мэтраў ад платоў мясцовых жыхароў.

«Калі менскі рэжым назірае, што адбываецца ва Ўкраіне, як ваюе Расея, то, як і большасьць людзей, якія сур’ёзна назіраюць за сытуацыяй, яны разумеюць, што Расея ня можа выйграць вайну, — сказаў у інтэрвію Свабодзе вайскова-палітычны экспэрт Юры Фёдараў. — А як тэхнічна ўявіць сабе абарону рэжыму ў Беларусі, калі Ўзброеныя сілы Ўкраіны вырашаць перайсьці мяжу, каб гэты рэжым зьмяніць? Тады давядзецца перакідаць у Беларусь вялікую колькасьць войскаў, што будзе аслабляць расейскую армію на фронце ва Ўкраіне. У такім выпадку размова пойдзе не пра батальёны, а пра цэлыя брыгады. Ці пойдзе на гэта Крэмль, на тое, каб аслабіць свае ваенныя пазыцыі ва Ўкраіне выключна дзеля таго, каб ратаваць рэжым Лукашэнкі? У гэтым могуць быць пэўныя сумневы, у тым ліку ў Менску».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Гаюн: Беларусь за 20 кілямэтраў ад мяжы з Украінай будуе фартыфікацыю з «зубоў цмока»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць беларусы ваяваць? Тлумачыць аналітык амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны