Грузінская авіякампанія абвясьціла прэзыдэнтку Грузіі пэрсонай нон грата

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі

Пасьля таго, як прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі абвясьціла байкот грузінскай кампаніі Georgian Airways за палёты ў Расею, дырэктар кампаніі Тамаз Гаяшвілі заявіў, што палітыку не дазволяць падняцца на борт самалётаў авіякампаніі, пакуль яна «не папросіць прабачэньня ў грузінскага народу».

«Дэмакратыя азначае вырашэньне пытаньняў большасьцю, а дзейнічаць, каб дагадзіць меркаваньням меншасьці, называецца дыктатурай», — цытуе Гаяшвілі грузінская тэлекампанія «Імэды».

Пра намер не карыстацца паслугамі авіякампаніі Georgian Airways да таго часу, пакуль яна будзе лятаць у Расею, Саламэ Зурабішвілі сказала ў суботу, калі кампанія выканала першы рэйс у Маскву. Заява прагучала на фоне буйных пратэстаў апазыцыі, якія працягваюцца ў краіне ў сувязі з аднаўленьнем авіязносін з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Тбілісі праходзіць акцыя пратэсту супраць вяртаньня прамых авіязносін з Расеяй

Увечары ў суботу ў цэнтры Тбілісі пачалася новая акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікі вылучылі патрабаваньне адмяніць авіязносіны, а таксама вызваліць усіх затрыманых падчас акцыі каля гатэля ў Кахетыі, дзе, паводле шэрагу зьвестак, спыніліся тыя, хто прыехаў у Грузію, адзначыць вясельле сваяка міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Улады Грузіі гэтыя патрабаваньні апазыцыі ня выканалі, пасьля чаго мітынгоўцы аб’явілі пратэст бестэрміновым.

Дзясяткі апазыцыянэраў застаюцца ў СІЗА. Ім пагражае альбо буйны штраф, альбо адміністрацыйны арышт, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вясельле сваяка Лаўрова ў Грузіі адмянілі ў выніку пратэстаў