У Заслаўі адкрылі Музэй беларускай маляванкі

Маляваныя дываны Алены Кіш, скрыншот з сайту музэю

У Ноч музэяў 19 траўня ў складзе Гісторыка-культурнага музэя-запаведніка «Заслаўе» адкрыўся Музэй беларускай маляванкі — першы і адзіны ў Беларусі музэй, прысьвечаны росьпісу «маляваных дываноў».

У музэі прадстаўленая ўнікальная калекцыя з прыкладна 250 дываноў з розных куткоў Беларусі.

Маляваныя дываны — непаўторны прыклад беларускага дэкаратыўнага мастацтва. Традыцыя маляваных дываноў вядомая на Беларусі з канца XIX стагодзьдзя. У імкненьні ўпрыгожыць сваё жытло беларусы знаходзілі найбольш танныя і менш працаёмкія альтэрнатывы дарагім карцінам, тканым дыванам ці шпалерам. Такой альтэрнатывай сталі маляваныя дываны, якія ствараліся на саматканым ільняным палатне або цыраце. На фарбаваным у чорны колер палотнішчы малявалі расьлінныя арнамэнты, сюжэтна-тэматычныя кампазыцыі.

Дываны замаўлялі ў якасьці падарунка на вясельле, народзіны дзіцяці ды іншыя святы. Яны маглі быць часткай пасагу, тады на дыване змяшчалі ініцыялы маладой заказчыцы, а пра захаванне аўтарства народныя мастакі, для якіх гэтая праца была дадатковым заробкам, асабліва не думалі.

Музэй-запаведнік у Заслаўі пачаў работу па зборы калекцыі маляванак яшчэ з 1988 году, набыўшы творы Язэпа Драздовіча, тады ж арганізавалі экспэдыцыі на радзіму мастака — Глыбоччыну. Цяпер музэйная калекцыя маляваных дываноў Драздовіча складаецца з 32 работ.

Таксама музэй захоўвае адзіную ў Беларусі калекцыю маляваных дываноў Алены Кіш — народнай мастачкі зь вёскі Леніна Слуцкага раёна (агулам у Беларусі засталося 13 яе работ, у фондах музэя-запаведніка захоўваецца 11). Дываны Алены Кіш арыгінальныя па сюжэтах і ня маюць аналёгіяў у народным беларускім мастацтве. Яе імя ўзгадваецца ў выдадзенай у Югаславіі «Сусьветнай энцыкляпэдыі наіўнага мастацтва», дзе даюцца зьвесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў сьвету.

Цікавасьць уяўляюць маляваныя дываны мастакоў-самавукаў М. Марозькі, Г. Кузаўкова, І. Ворсы, Ф. Сухавілы, Н. Зосіка, Я. Вайцешык, паведамляецца на сайце музэя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наіўны беларускі рай Алены Кіш
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак-небазнаўца. Гісторыя вяртаньня і ўшанаваньня Язэпа Драздовіча