У ЗША ўлады штату Мантана прынялі рашэньне аб забароне кітайскага сэрвісу для стварэньня і прагляду кароткіх відэа TikTok.
Адпаведны закон падпісаў губэрнатар штата Грэн Джанафортэ. Ён растлумачыў такі крок абаронай асабістых зьвестак жыхароў Мантаны ад камуністычнай партыі Кітаю.
Згодна з законам, інтэрнэт-крамам прыкладаньняў Apple і Google забаронена даваць магчымасьць спампоўваць аплікацыю на тэрыторыі Мантаны. Разам з тым за выкарыстаньне TikTok не прадугледжана ніякіх штрафаў.
Закон уступіць у сілу 1 студзеня 2024 году. Мантана стала першым штатам ЗША, які забараніў TikTok.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У ЗША ў 22 штатах забаранілі ТыкТок на дзяржаўных прыладахПрадстаўнікі TikTok рашэньне не камэнтавалі. Раней кампанія заявіла, што рашэньне штату парушае Канстытуцыю ЗША.
- У Злучаных Штатах налічваецца 150 мільёнаў карыстальнікаў TikTok — гэта крыху менш за палову ад агульнай колькасьці грамадзянаў краіны.
- Раней забараніць TikTok для сваіх супрацоўнікаў вырашыла Эўракамісія. СМІ паведамлялі, што заходнія ўрады ўсё больш непакояць сьведчаньні таго, што кітайскія тэхналягічныя кампаніі дапамагаюць кіроўнай камуністычнай партыі і яе выведным службам зьбіраць вялізныя аб’ёмы дадзеных па ўсім сьвеце — з фокусам на палітычную тэматыку і зьвесткі ў сфэры бясьпекі.
- TikTok усе абвінавачаньні ў сувязях з уладамі КНР адмаўляе.