На выбарах прэзыдэнта Турцыі няма пераможцы. Будзе другі тур

Перадвыбарныя плякаты асноўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта

На прэзыдэнцкіх выбарах у Турцыі дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Эрдаган пасьля падліку 89% бюлетэняў набірае з 49,94%. Гэта значыць, у краіне адбудзецца другі тур.

У яго асноўнага суперніка, кандыдата ад апазыцыйнага аб’яднаньня «Народны альянс» Кемаля Кылычдароглу — 44,30%.

Апрацоўка вынікаў працягваецца. Цяперашняе галасаваньне называюць самым напружаным для Эрдагана за больш чым 20 гадоў яго знаходжаньня ва ўладзе — у якасьці прэзыдэнта і кіраўніка ўрада.

Кіраўнік Вышэйшай выбарчай камісіі краіны Ахмет Энэр заявіў, што нядзельнае галасаваньне прайшло без сытуацый, якія маглі б нэгатыўна адбіцца на выніках.

Усяго на прэзыдэнцкіх выбарах былі прадстаўленыя тры кандыдаты — Рэджэп Эрдаган, кандыдат ад апазыцыі Кылычдароглу і прадстаўнік палітычнага блёка «Альянс АТА» («Альянс продкаў») Сінан Аган.

Крытыкі Эрдагана асьцерагаюцца, што ў выпадку яго перавыбраньня Турцыя канчаткова ператворыцца ў аўтакратыю. Турцыя падышла да выбараў з цэлым наборам праблем, уключаючы наступствы разбуральнага землятрусу на паўднёвым усходзе краіны тры месяцы таму. Яго ахвярамі сталі больш за 50 тысяч чалавек. Пацярпелыя рэгіёны патрабуюць аднаўленьня.

Краіна перажывае таксама эканамічны крызіс. У мінулым годзе інфляцыя ў Турцыі перавысіла 80%. Нявырашаным застаецца і пытаньне курдзкай меншасьці і курдзкага сэпаратысцкага руху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня ковід». Інфармацыю аб праблемах са здароўем Лукашэнкі пацьвердзіў расейскі дэпутат