У Зяленскага заявілі, што ён не прасіў выступіць са зваротам на «Эўравізіі», аб чым напісалі СМІ

Уладзімір Зяленскі

У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны зьняпраўдзілі інфармацыю аб тым, што Эўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) адмовіў Уладзіміру Зяленскаму ў магчымасьці выступіць зь відэазваротам у фінале музычнага конкурсу «Эўравізія».

Пра гэта раней напісала выданьне The Times. У EBU патлумачылі, што такі выступ Зяленскага будзе супярэчыць правілам конкурсу, якія забараняюць палітычныя выказваньні.

«„Эўравізія“ — гэта міжнароднае забаўляльнае шоў, у якім дзейнічаюць строгія правілы і прынцыпы, вызначаныя з моманту яго стварэньня. Адным зь яго вугольных камянёў зьяўляецца непалітычны характар імпрэзы. Гэты прынцып забараняе рабіць палітычныя ці падобныя заявы ў рамках конкурсу», — патлумачылі ў EBU.

Адпаведная заява пазьней была апублікавана на сайце Эўрапейскага вяшчальнага саюза.

Пазьней у Офісе прэзыдэнта Ўкраіны пракамэнтавалі сытуацыю. Прэсавы сакратар кіраўніка Ўкраіны Сяргей Нікіфараў 12 траўня напісаў, што офіс не зьвяртаўся да арганізатараў песеннага конкурсу «Эўравізіі» наконт выступу Зяленскага:

«Інфармацыя The Times не адпавядае рэчаіснасьці. Офіс прэзыдэнта Украіны не зьвяртаўся да арганізатараў песеннага конкурсу „Эўравізіі“ з прапановай онлайн-выступу Ўладзіміра Зяленскага падчас фіналу ці на якім-небудзь іншым этапе конкурсу».

67-ы музычны конкурс «Эўравізія» стартаваў у Лівэрпулі 9 траўня. У 2023 годзе ён павінен быў праходзіць ва Ўкраіне, бо пераможцам мінулага спаборніцтва стаў украінскі гурт Kalush Orchestra. Але з прычыны баявых дзеяньняў у краіне Эўрапейскі моўны саюз перадаў права правядзеньня конкурсу Вялікай Брытаніі, чый прадстаўнік у 2022 годзе заняў на конкурсе другое месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ня будзе праводзіць «Эўравізію-2023», так вырашылі арганізатары

Раней, у сакавіку 2023 года, амэрыканская кінаакадэмія (AMPAS) адмовілася даць віртуальную трыбуну Зяленскаму падчас будучай цырымоніі «Оскар». Падставай для адмовы стала «нежаданьне палітызаваць забаўляльнае шоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакумэнтальны фільм «Навальны» атрымаў прэмію «Оскар»