Больш як 600 000 пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы Францыі да 17:00, піша Le Figaro, грунтуючыся на ўласных падліках і на дадзеных паліцыі.
У многіх гарадах маніфэстацыі суправаджаліся гвалтам, падпалам машын, разьбітымі вітрынамі, маніфэстанты кідалі ў паліцыянтаў кактэйлі Молатава, паліцыя ўжыла сьлезацечны газ. Парадак намагаюцца падтрымаць каля 12 тыс. паліцыянтаў, шмат дзе адбыліся сутычкі з дэманстрантамі.
У Нанце паліцыя ўжыла сьлезацечны газ
У Парыжы маніфэстанты кактэйлем Молатава патрапілі ў паліцыянта, ягоныя калегі здолелі яго патушыць.
Акцыі, арганізаваныя прафсаюзамі, праходзяць у Францыі 1 траўня штогод. Гэтым разам асноўнае патрабаваньне пратэстоўцаў – адмена непапулярнай пэнсійнай рэформы, якую ўжо падпісаў Эманюэль Макрон.
Парыж, 1 траўня 2023
Урад перасунуў мяжу выхаду на пэнсію на два гады, з 62 да 64. А таксама падоўжыў пэрыяд, на працягу якога неабходна ўносіць узносы ў пэнсійную сыстэму, каб атрымаць права на поўную пэнсію.
У Парыжы экалягічныя актывісты вылілі фарбу ля будынку Міністэрства юстыцыі. Такім чынам яны выказалі свой пратэст супраць кліматычных зьменаў і так званай падатковай аптымізацыі.
Дэманстрацыі ў іншых краінах
Акцыі пратэсту ў Дзень працы, арганізаваныя прафсаюзамі і рознымі іншымі арганізацыямі, таксама праходзяць у іншых краінах. Традыцыйна маніфэстацыі адбываюцца напрыклад, у Грэцыі, Гішпаніі, Нямеччыне.
Удзень у Бэрліне, Ляйпцыгу, Гамбургу прайшлі парады, арганізаваныя прафсаюзамі, а таксама левымі і правымі экстрэмістамі.
У Расеі падчас першамайскіх акцый затрымлівалі пікетоўцаў, якія выступілі супраць вайны ва Ўкраіне. Гэта адбылося ў Екацерынбургу, Санкт-Пецярбургу, Майкопе, Казані.
Сьціплае сьвяткаваньне Дня працы сёлета на Кубе – празь недахоп паліва. Упершыню пасьля перамогі кубінскай рэвалюцыі ў 1959 годзе масавых першамайскіх сьвяткаваньняў у Гаване не адбудзецца з эканамічных прычынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Францускія прафсаюзы абвясьцілі дзясяты страйк супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту да 64 гадоў