У аграгарадку ў Гомельскай вобласьці згніла 225 тон капусты

Гнілая капуста на прадпрыемстве

Гародніна была ў «стабілізацыйным фондзе» рэгіёну, але празь недагляд яна сапсавалася.

Капуста захоўвалася ў аграгарадку Ўрыцкае Гомельскага раёну на тэрыторыі прадпрыемства ААТ «Камбінат Усход». Белакачанная капуста ўваходзіла ў «стабілізацыйны фонд» Гомельшчыны, расказалі ў рэпартажы тэлерадыёкампаніі «Гомель».

Сапсаваная белакачанная капуста

Як гаворыцца ў тэлесюжэце, работнікі прадпрыемства не аднойчы казалі кіраўніку, што капуста гніе, але ў адказ чулі толькі: «Усё вырашым». Халадзільнае абсталяваньне не маглі адрамантаваць пяць месяцаў. У выніку 225 тон капусты канчаткова сапсаваліся.

Афіцыйная прычына — парушэньне тэмпэратурнага рэжыму ў сховішчы, несвоечасовая падрыхтоўка прадукцыі і памяшканьняў да захоўваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гарэлка, трактары, «малочка». Як Беларусь супрацоўнічае з часова акупаванымі тэрыторыямі Ўкраіны

Прадстаўнік ДФР па Гомельскай вобласьці Андрэй Сеньнікаў адзначыў, што сапсаваліся каля 72% ад мінімальнай закладкі стабілізацыйнага фонду. Матэрыяльная шкода складае звыш 83 тысяч рублёў.

Супраць кіраўніка камбінату пачалі крымінальную справу па артыкуле 425 КК аб бязьдзейнасьці службовай асобы. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Толькі цяпер халадзільнае абсталяваньне на прадпрыемстве адрамантавалі. Ацалелыя качаны намагаюцца прадаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У лютым у Беларусі больш за ўсё падаражэлі гародніна, алькаголь і садавіна