У Менску пачалі адключаць ацяпленьне ў жылых дамах, у іншых гарадах гэта зрабілі раней

Батарэі. Ілюстрацыйнае фота

У сталіцы Беларусі з 17 красавіка адключаюць ацяпленьне ў спажыўцоў другой чаргі, паведамілі ў Менскім гарвыканкаме.

«Зь сёньняшняга дня ў Менску адключаюць ацяпленьне ў спажыўцоў другой чаргі: у жыльлёвым фондзе, інтэрнатах, агульнагарадзкіх лазьнях, установах адукацыі (за выключэньнем школьных і дзіцячых дашкольных устаноў), тэатрах», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Менгарвыканкама.

На мінулым тыдні ў Менску ацяпленьне сталі адключаць у вытворчых і адміністрацыйных будынках. Затым гарадзкія ўлады перадумалі цалкам адключаць ацяпленьне, але папярэдзілі, што тэмпэратура ў батарэях зьнізіцца.

Раней цалкам ацяпляльны сэзон ўжо завяршыўся ў некаторых рэгіёнах Беларусі.

Летась у Менску ацяпляльны сэзон завяршылі 10 траўня, у Берасьці ацяпленьне пачалі адключаць 28 красавіка, на Віцебшчыне — 25 красавіка, у Гомлі — 26 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Гомельшчыне працягваецца самая маштабная паводка за апошняе дзесяцігодзьдзе. ВІДЭА з дрона