У Нямеччыне заблякавалі банкаўскі рахунак Сьвятланы Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч. Архіўнае фота

Цяпер нобэлеўскай ляўрэатцы зь Беларусі неабходна афармляць новыя дакумэнты ў краіне пражываньня.

У Нямеччыне заблякавалі банкаўскі рахунак нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, піша «Эўрарадыё». Пасьля таго, як у 2020 годзе да яе дома ў Менску прыйшлі сілавікі, пісьменьніца пераехала ў Бэрлін, дзе жыве і сёньня.

Прычынай блякаваньня рахунку стала тое, што ў Алексіевіч скончыўся дазвол на жыхарства ў Нямеччыне. На гэтай падставе рахунак заблякавалі.

«Блякаваньне рахунку Сьвятланы Алексіевіч не выключны выпадак, а вельмі шараговая сытуацыя, такое здараецца зь вялікай колькасьцю беларусаў, якім зь нейкіх прычын не пасьпяваюць своечасова працягнуць дазвол на жыхарства, — пракамэнтавала сытуацыю кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай. — У банку Сьвятлане сказалі, што гэта абмежаваньні, якія датычаць беларусаў і расейцаў у сувязі з вайной. Праблема ня ў тым, што такое не павінна здарацца з нобэлеўскай ляўрэаткай — падыход павінен быць роўны да ўсіх, такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбна зьмена падыходу для тых, хто вымушаны быў выехаць зь Беларусі празь перасьлед, але працягвае працу на карысьць дэмакратыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ пацьвердзілі, што дапамагаюць беларусам разблякоўваць банкаўскія рахункі, але ёсьць нюанс

Новы ДНЖ Алексіевіч атрымае на пачатку красавіка.

Сьвятлане Алексіевіч 74 гады. У 2015-м пісьменьніца першай з усіх беларусаў атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры «за шматгалосую творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час». Яна крытычна выказвалася і працягвае выказвацца пра рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

У 2020-м у Беларусі Сьвятлана Алексіевіч была ў складзе Каардынацыйнай рады, ёй пагражаў крымінальны перасьлед. Летась кнігі пісьменьніцы ў Беларусі правяралі «на наяўнасьць экстрэмізму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч пра вырак Бяляцкаму і вясноўцам: «Такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны»