Сьледчы камітэт Расеі завёў сваю справу на судзьдзяў Міжнароднага крымінальнага суду ў адказ на іх ордэр на арышт Пуціна

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і ўпаўнаважаная ў правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова

17 савкавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу супраць пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Ахмад Хана, а таксама супраць судзьдзяў Тамока Аканэ, Разарыё Сальваторэ Айталі, Сэрхіё Херарда, Угальдэ Гадынэса. Раней яны выдалі ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай управах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

Паводле пазыцыі СК Расеі, крымінальны перасьлед Пуціна і Львовай-Бяловай нібыта «носіць загадзя незаконны характар, бо падстаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці няма».

Карым Ахмад Хан, паведамляецца ў прэс-рэлізе расейскага ведамства, прыцягнуў да крымінальнай адказнасьці заведама невінаватага і незаконна абвінаваціў асобу ў зьдзяйсненьні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства. Судзьдзяў Сьледчы камітэт абвінаваціў у нібыта «заведама незаконным узяцьці пад варту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна

У СК заявілі, што кіраўнікі дзяржаў карыстаюцца «абсалютным імунітэтам ад юрысдыкцыі замежных дзяржаў».

Пры гэтым у Маскве праігнаравалі, што Міжнародны крымінальны суд не прызнае імунітэт кіраўнікоў дзяржаў, калі размова ідзе аб расьследаваньні ваенных злачынстваў і перасьледзе за іх.

  • Міжнародны крымінальны суд падазрае Пуціна і Львову-Бялову ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з занятых тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. МУС адзначае, што існуюць разумныя падставы лічыць, што Пуцін нясе асабістую адказнасьць за меркаваныя злачынствы.
  • Расея не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду і не ўдзельнічае ў яго працы.
  • Масква не зьяўляецца ўдзельніцай Рымскага статуту, які вызначае дзеяньні суду, з 2016 года.
  • Пуціна могуць арыштаваць у 123 краінах, якія прызнаюць Міжнародны крымінальны суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На каго з кіраўнікоў дзяржаваў Міжнародны крымінальны суд выдаваў ордэр, і як склаўся іхні лёс