Эўрапейскае камандаваньне ЗША (EUCOM) апублікавала відэа, на якім расейскі зьнішчальнік скідвае паліва на амэрыканскі бесьпілётнік MQ-9 Reaper над Чорным морам падчас інцыдэнту 14 сакавіка.
Гэта рассакрэчанае відэа з камэры MQ 9 было адрэдагаванае, але падзеі паказаны ў пасьлядоўным парадку, заявілі амэрыканскія вайскоўцы.
Вашынгтон выклікаў амбасадара Расеі на знак пратэсту супраць «неабдуманых» паводзінаў расейскіх пілётаў двух зьнішчальнікаў Су-27. Пэнтагон заявіў, што перахоп бесьпілётніка MQ-9 Reaper адбыўся ў міжнароднай паветранай прасторы.
Па словах прэс-сакратара Пэнтагону, брыгаднага генэрала Патрыка Райдэра, расейскія самалёты скінулі паліва на MQ-9 у відавочнай спробе асьляпіць або пашкодзіць яго і праляцелі перад бесьпілётнікам, перш чым адзін са зьнішчальнікаў зачапіў прапэлер дрона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны ацаніў наступствы сутыкненьня расейскага самалёта з амэрыканскім дронам над Чорным морамПрадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што інцыдэнт зьяўляецца відавочным парушэньнем міжнароднага права.
Міністэрства абароны Расеі 14 сакавіка абвергла, што любы зь яго самалётаў уступаў у кантакт з амэрыканскім бесьпілётнікам, і заявіла, што дрон разьбіўся з прычыны «рэзкага манэўраваньня».
Пасьля выкліку ў Дзярждэпартамэнт у сувязі з інцыдэнтам амбасадар Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў заявіў, што Масква ня хоча «канфрантацыі» са Злучанымі Штатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі зьнішчальнік СУ-27 зьбіў амэрыканскі бесьпілётнік Reaper MQ-9 над Чорным морам