Аўтамабіль з Расеі праваеннай сымболікай і макетам ракеты езьдзіць па горадзе Гомлі і, паводле назіральнікаў, парушае некалькі пунктаў Правілаў дарожнага руху. Аб рэакцыі ДАІ на яго зьяўленьне не было вядома. Zerkalo.io даведалася ў супрацоўнікаў мясцовай аўтаінспэкцыі, чаму.
Журналістка Zerkalo.io патэлефанавала ў ДАІ Гомельскага аблвыканкама як жыхарка гораду і спытала, чаму аўтаінспэкцыя не зьвяртае ўвагі на парушэньні кіроўцы. У дзяжурнай частцы адказалі, што гэтай машынай займаюцца інспэктары і «перажываць ня варта».
«Калі спыняць, будуць вырашаць пытаньне паводле нашага заканадаўства»,— адказалі ў ДАІ.
На пытаньне, ці можа атрымаць кіроўца з Расеі штраф за тое, што ў Беларусі «займаецца прапагандай вайны» ў ДАІ Гомельскага аблвыканкама сказалі:
«Не магу вам сказаць, будзе штраф ці ня будзе. Гэта будзе высьвятляцца на месцы, інспэктар ДАІ сам будзе высьвятляць. Яго ўжо спынялі, будуць прымаць рашэньне аб гэтым чалавеку паводле закону і ПДР».
Гаспадар машыны — з расейскага Татарстану. На аўта зацемненае задняе шкло, вялікія налепкі зь літарай Z, а на даху прымацаваны макет ракеты з надпісам «Вярнуць палётныя заданьні на Вашынгтон».
Паводле правілаў, «удзел транспартнага сродку з вонкава бачнымі налепкамі (малюнкамі), акрамя прадугледжаных ПДР, забаронены». Таксама згодна з пунктам 194.12 ПДР «забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартных сродкаў, ветравое і пярэдняе шкло якіх маюць ступень святлопрапусканьня менш за 70 працэнтаў». Дзеяньні кіроўцы таксама можна расцэньваць як адзіночны пікет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пасьля доўгага перапынку зноў абстраляла ракетамі гарады Ўкраіны, ёсьць ахвяры. ФОТА