Праект «МотолькоПомоги» знайшоў аўтамабіль, які шукаюць сілавікі пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах

Фота праекту «МотолькоПомоги»

27 лютага ў сеціве зьявілася арыентыроўка МУС Беларусі аб пошуку ўраджэнца Крыма Мікалая Швяца, якога шукаюць за «асабліва цяжкае злачынства» ў Мачулішчах.

Сярод інфармацыі па пошуку мужчыны ў розных варыянтах арыентыровак было апісаньне аўтамабіля, на якім ён нібыта перамяшчаўся. Ішлося пра аўтамабіль Daewoo Nubira J100 сіняга колеру і 1997 году выпуску. Таксама пазначылі і рэгістрацыйны нумар аўтамабіля, які ў розных варыянтах арыентыровак пісалі то сям’ю (5 КС 5513), то васьмю сымбалямі (5 КСТ 5513).

Праект «МотолькоПомоги» знайшоў той самы аўтамабіль Daewoo Nubira J100 з рэгістрацыйным транзытным нумарам 5 КС 5513. Яго выставілі на продаж 15 лютага ў Менску. Але ў другой палове дня 25 лютага яго ўжо прадалі. Цана складала 3369 беларускіх рублёў (прыкладна 1200 даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няхай чакаюць працягу». Аляксандар Азараў пра падрабязнасьці імавернага падрыву расейскага самалёта ў Мачулішчах

Тэлеграм-канал ByPol 26 лютага ў 16:05 менскага часу паведаміў, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам раніцай таго ж дня адбыліся два выбухі, якія пашкодзілі расейскі вайсковы самалёт. Пазьней зьявілася інфармацыя пра магчымы падрыў самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі на сябе ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньня, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць інфармацыю пра падрыў расейскага самалёта з дапамогай незалежных крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зеркало»: Сілавікі шукаюць падазраванага ў дывэрсіі ў Мачулішчах і разаслалі арыентыроўку з фота
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена надглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах, Фаніпалі, Дзяржынску пасьля меркаванага падрыву.
  • Кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў заявіў, што нічога ня ведае чалавека з імём Мікалай Швец, якога шукаюць сілавікі.
  • «Наша Ніва» адшукала сястру падазраванага ў дывэрсіі ў Мачулішчах Мікалая Швяца. Тая паведаміла, што Мікалай Швец «ніколі ня быў у Беларусі», а 25 і 26 лютага «быў дома ва Ўкраіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён ніколі ня быў у Беларусі». «Наша ніва» адшукала сястру падазраванага ў дывэрсіі ў Мачулішчах