Эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай і навучанымі ў Беларусі вайскоўцамі адправіўся з Слоніма на станцыю Няклінаўка ў Растоўскай вобласьці Расеі, паведамляе тэлеграм-канал @belzhd_live.
Эшалён нумар 964 складаецца з 46 вагонаў: 5 пасажырскіх (прыкладна на 250 чалавек), крытыя вагоны і вагоны-плятформы з колавай і гусенічнай тэхнікай.
Эшалён выправіўся з Слоніма 26 лютага. Чаканая дата прыбыцьця ў Няклінаўку — 5 сакавіка.
Гэта другі эшалён, які выправіўся з Слоніма ў Расею за апошнія дні. 25 лютага на станцыю Мацьвееў Курган у Расеі накіраваўся эшалён з 51 вагона.
6 студзеня ў Беларусь прыбыў чарговы эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай. Гэтая тэхніка, як паведамляе Мінабароны Беларусі, уваходзіць у склад так званай рэгіянальнай вайсковай групоўкі.
Паводле ведамства, тэхніка прыбывае дзеля «гарантаваньня вайсковай бясьпекі саюзнай дзяржавы». Яшчэ адзін эшалён 6 студзеня прыбыў на станцыю Палонка пад Баранавічамі. Яна побач з палігонам, на якім дысьлякаваныя расейскія войскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няхай чакаюць працягу». Аляксандар Азараў пра падрабязнасьці імавернага падрыву расейскага самалёта ў МачулішчахДапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Таксама ёсьць сьведчаньні, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў, з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абараназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.
Паводле беларускага Міністэрства абароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах Лукашэнка правёў нараду зь сілавікамі