На мяжы з Украінай загінулі два беларускія памежнікі

Беларуска-ўкраінская мяжа

Два беларускія памежнікі загінулі ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці — яны праваліліся пад лёд на ўчастку памежнай заставы «Камарын».

Пра гэта паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт:

«Раніцай 15 лютага на ўчастку памежнай заставы „Камарын“ памежны нарад, які складаецца з трох вайскоўцаў: лейтэнанта, сяржанта кантрактнай службы і вайскоўца тэрміновай службы, выконваў задачу па праверцы рэжыму дзяржаўнай мяжы.

Памежнікі несьлі службу ў складаных умовах у пойме Дняпра.

Рухаючыся па ўсталяваным маршруце, абыходзячы вялікі разьліў, сяржант-кантрактнік праваліўся пад лёд. Яго апэратыўна спрабаваў выратаваць афіцэр і адправіў на сушу вайскоўца тэрміновай службы.

Аднак таўшчыня лёду аказалася няздольнай вытрымаць вагу двух узброеных людзей у поўнай экіпіроўцы. Усе намаганьні аказаліся марнымі. Абодва памежнікі пайшлі пад ваду і патанулі».

Памежны камітэт выказваў спачуваньне сем’ям загінулых.

  • У красавіку 2022 году два афіцэры ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці загінулі, падарваўшыся на супрацьтанкавай міне. Міна засталася каля лягера, разьбітага расейскімі войскамі каля ўкраінскай мяжы.