Выведка Японіі паведаміла пра гібель сама меней 20 расейскіх генэралаў на вайне ва Ўкраіне

Разьбітая расейская вайсковая тэхніка пад Кіевам. Красавік 2022

Расея не раскрывае сваіх страт на вайне ва Ўкраіне, а заходнія крыніцы ацэньваюць іх у дыяпазоне ад 100 да 200 тысяч чалавек з улікам параненых.

Больш за 20 расейскіх генэралаў загінулі падчас баявых дзеяньняў ва Ўкраіне зь лютага мінулага году, напісала газэта «Нікэй» са спасылкай на зьвесткі японскай выведкі.

Масавая гібель высокапастаўленых афіцэраў і генэралаў зьяўляецца незвычайнай для краін Захаду і можа ўказваць на слабасьць расейскага войска, гаворыцца ў публікацыі. Сьпіс стратаў у матэрыяле не прыводзіцца, імёны нябожчыкаў не называюцца.

У адкрытых крыніцах зьяўлялася інфармацыя пра гібель чатырох расейскіх генэралаў, вынікае з маніторынгу выданьня «Медиазона». Адзін зь іх, 63-гадовы генэрал-маёр Канамат Баташаў, на момант гібелі афіцыйна знаходзіўся ў адстаўцы і служыў у авіяцыі ПВК «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: расейцы, падобна, пачалі вялікі наступ на Данбасе

Раней вайсковыя экспэрты адзначалі, што адносна высокая доля гібелі старшых афіцэраў у расейскім войску зьвязана з тым, што ім даводзіцца ўручную кіраваць баявымі дзеяньнямі на полі бою.

«Нікэй» адзначае, гібель генэралаў можа тлумачыцца таксама перавагай Украіны ў радыётэхнічнай выведцы і створанай сеткай інфарматараў на кантраляваных расейскім войскам тэрыторыях Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прынамсі 10 расейскіх генэралаў загінулі з пачатку вайны ва Ўкраіне, — брытанская выведка

Прадстаўнік японскай выведкі паведаміў газэце, што неплатаздольнасьць расейскага войска, якая дэманструецца гібельлю генэралаў, можа турбаваць Кітай, і Пэкін мог пачаць аказваць прыхаваную ваенную дапамогу Маскве.

Расея не раскрывае страт ва Ўкраіне, заходнія крыніцы ацэньваюць іх у дыяпазоне ад 100 да 200 тысяч чалавек з улікам параненых.

Масква заяўляе аб гібелі дзясяткаў украінскіх генэралаў падчас баявых дзеяньняў, адкрытыя зьвесткі гэтага не пацьвярджаюць. Кіеў страт таксама не раскрывае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьнікаюць імпэрыі. Ці варта баяцца распаду Расеі