Мітрапаліт Веньямін заявіў, што Царква не настойвала на крымінальным перасьледзе дзьвюх школьніц за спалены абразок

Мітрапаліт Веньямін разам з Аляксандрам Лукашэнкам

Кіраўнік Беларускага экзархату РПЦ заявіў, што царква «не настойвала» на завядзеньні крымінальнай справы. Ён сустрэўся з бацькамі дзяўчат.

Гісторыя пачалася з таго, што дзьве 15-гадовыя дзяўчыны ў Менску насупраць Сьвята-Духавага катэдральнага сабору ў Менску падпалілі папяровы абразок Божай Маці. Ініцыятыва «Хрысьціянская візія» даведалася, што да крымінальнай справы па гэтым факце датычны мітрапаліт Веньямін. Дзяржаўная газэта «СБ. Беларусь сегодня» ўзяла ў герарха інтэрвію, у якім ён адхіліў абвінавачаньні.

«Вядома, мы не настойвалі на завядзеньні крымінальнай справы. Больш за тое, хадайнічалі аб тым, каб дзяўчат не прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Бо любы дарослы скажа, што гэта несьвядомая пазыцыя. Зразумела, нельга такія ўчынкі ігнараваць, рабіць выгляд, што нічога не адбылося, але ёсьць розныя мэтады. Мы гутарылі і з бацькамі падлеткаў, і з самімі дзяўчаткамі. Галоўная наша мэта — усьведамленьне імі свайго ўчынку і выпраўленьне. Можа быць, наша ўвага, добразычлівыя адносіны і малітва дапамогуць ім знайсьці правільную дарогу ў жыцьці», — заявіў Веньямін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хрысьціянская візія»: Мітрапаліт Веньямін датычны да крымінальнага перасьледу дзьвюх 15-гадовых мянчанак

Па інфармацыі «Хрысьціянскай візіі», Веньямін асабіста патрабаваў перадаць у Сьледчы камітэт відэа з царкоўных камэр назіраньня, якое сьведчыць, што дзяўчаты трымаюць падпаленую папяровую іконку.

Пасьля спаленьня абразка дзяўчат затрымала міліцыя. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) КК Рэспублікі Беларусь. У Сьледчым камітэце сказалі, што разгледзяць «пытаньне аб дадатковай кваліфікацыі дзеяньняў затрыманых». Праводзілася размова з бацькамі дзяўчат, зь імі сустракаўся сам мітрапаліт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веньямін узнагародзіў начальніка калёніі, дзе ўтрымліваюць палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня трэба думаць, што праваслаўныя ярархі сэрцам і душой за Лукашэнку». Чаму прапаганда цкуе сьвятароў