ФБР праводзіць ператрус у доме прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў штаце Дэлавэр

Джо Байдэн

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША праводзіць ператрус у пляжным доме прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў штаце Дэлавэр па справе аб сакрэтных дакумэнтах.

Пра гэта паведамляюць NBC і CNN са спасылкай на ягонага адваката.

«Сёньня, пры поўнай падтрымцы і супрацоўніцтве прэзыдэнта, Мін'юст праводзіць плянавы ператрус у яго доме ў Рэгабат-Біч, штат Дэлавэр», — заявіў юрыст.

Ён растлумачыў, што гэта стандартная працэдура, але Міністэрства юстыцыі вырашыла не абвяшчаць пра яе публічна «ў інтарэсах апэратыўнай бясьпекі». Іншых падрабязнасьцяў адвакат Байдэна не прывёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Байдэна дома знайшлі сакрэтныя дакумэнты, якія павінны захоўвацца ў Нацыянальным архіве. Як так сталася

20 студзеня ФБР ужо праводзіла ператрус у доме Байдэна ў Вашынгтоне. Ён заняў каля 13 гадзін. Як піша CNN са спасылкай на адваката Байдэна, у доме прэзыдэнта супрацоўнікі ФБР выявілі шэсьць сакрэтных дакумэнтаў, якія адносяцца да пэрыяду працы Байдэна ў Сэнаце і на пасадзе віцэ-прэзыдэнта ЗША, калі прэзыдэнтам быў Барак Абама. Сам прэзыдэнт ЗША пры ператрусе не прысутнічаў.

На пачатку месяца амэрыканскія СМІ двойчы паведамлялі пра знойдзеныя ў Байдэна сакрэтныя дакумэнты — у ягоным асабістым кабінэце ў аналітычным Цэнтры дыпляматыі і глябальнага ўзаемадзеяньня Пэн-Байдэн у Вашынгтоне і ў гаражы ягонага дома ва Ўілмінгтане. Паводле закону кіраўнік дзяржавы павінен быў перадаць дакумэнты на захоўваньне ў Нацыянальны архіў.

Для расьсьледаваньня магчымых правапарушэньняў, зьвязаных з дакумэнтамі Байдэна, Міністэрства юстыцыі ЗША прызначыла спэцыяльнага пракурора. Мін'юст ЗША цяпер вывучае знойдзеныя дакумэнты, каб вызначыць узровень іх сакрэтнасьці і тое, ці зьяўляюцца яны па-ранейшаму сакрэтнымі.