У Пакістане ўзарвалі мячэць: дзясяткі загінулых, 150 параненых, пад заваламі шукаюць людзей

На месцы выбуху ў Пешавары, 30 студзеня 2023

Прынамсі 32 чалавекі загінулі ў выніку выбуху ў мячэці ў пакістанскім горадзе Пешавары.

Выбух прагрымеў, калі вернікі сабраліся ў мячэці, больш за 150 чалавек атрымалі раненьні, паведаміла ВВС.

Частка будынка была разбураная, і, па словах чыноўнікаў, людзі апынуліся пад заваламі. Некалькі пацярпелых былі дастаўленыя ў мясцовыя бальніцы.

Прычына выбуху невядомая, але ўрадавы чыноўнік паведаміў, што сярод загінулых шмат паліцэйскіх. Чыноўнік мяркуе, што цэльлю нападу была паліцыя.

Ратавальныя працы на месцы выбуху

Прэм’ер-міністар Пакістану Шэбаз Шарыф рэзка асудзіў тэрарыстычныя акты. У сваёй заяве Шарыф заявіў, што тыя, хто стаіць за інцыдэнтам, «ня маюць нічога агульнага з ісламам».

Ён дадаў: «Увесь народ адзіны супраць пагрозы тэрарызму».

Выбух адбыўся падчас пасляабеднай малітвы ў горадзе на паўночным захадзе краіны, недалёка ад мяжы з Афганістанам, каля 13:30 па мясцовым часе.

На відэа, апублікаваным у сацыяльных сетках, відаць, як абрынулася палова сьцяны будынка. Мячэць засыпаная цэглай і абломкамі, празь якія людзі спрабуюць уцячы з месца трагедыі.

Унутры мячэці вядзецца ратавальная апэрацыя, «целы загінулых усё яшчэ вывозяць», — сказаў намесьнік камісара Пешавару Шафіула Хан.

У сакавіку мінулага года Пешавар стаў мішэньню яшчэ аднаго выбуху ў шыіцкай мячэці, у выніку якога загінулі дзясяткі чалавек.

У сталіцы краіны Ісламабадзе паліцыя абвясьціла павышаны ўзровень небясьпекі і паведаміла, што на ўсіх пунктах уезду і выезду ў горад узмоцнена ахова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўсім сьвеце за апошнія 20 гадоў забіта 1700 журналістаў