Іран не прызнаў анэксію Крыму і іншых рэгіёнаў Украіны

Амір Абдалахіян

Іран не прызнае анэксію Крыму і іншых рэгіёнаў Украіны, заявіў іранскі міністар замежных спраў Хасейн Амір Абдалахіян у інтэрвію турэцкаму тэлеканалу TRT World.

«Мы прызнаём сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць краіны ў рамках міжнародных законаў, таму, нягледзячы на выдатныя адносіны паміж Тэгеранам і Масквой, мы не прызналі аддзяленьне Крыму, Луганскай і Данецкай абласьцей ад Украіны», — заявіў Абдалахіян.

Ён дадаў, што ўлады Ірану настойваюць на сваім «пасьлядоўным прынцыпе» ў вонкавай палітыцы.

«Калі мы гаворым, што канфлікт ва Ўкраіне — гэта не рашэньне, мы лічым сваю пазыцыю як у фундамэнтальным палітычным прынцыпе», — дадаў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: у Сынгапуры зьмешваюць расейскую нафту для рээкспарту

Расея анэксавала Крым у 2014 годзе. У верасьні 2022 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра анэксію Херсонскай, Запароскай, Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Кіеў і краіны Захаду загадзя абвясьцілі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць анэксію. Украіна заявіла, што будзе змагацца за вяртаньне акупаваных тэрыторый пад свой кантроль збройным шляхам.